Справа ў дачыненні да генеральнага менеджара ХК «Дынама-Мінск» Уладзіміра Беражкова знаходзіцца ў стадыі завяршэння. Пра гэта сёння паведаміў журналістам міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.
Уладзімір Беражкоў
«Тое, што я ведаю, — справа ў стадыі завяршэння і накіравання ў суд. Тэрмін утрымання пад вартай Беражкова працягвалі выключна з-за неабходнасці азнаямлення з матэрыяламі крымінальнай справы. Ён азнаёміўся з імі разам з адвакатам», — сказаў Ігар Шуневіч.
У жніўні 2015 у дачыненні да Уладзіміра Беражкова была заведзена справа па ч.3 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі).
Супрацьпраўная дзейнасць службовых асоб ЗАТ «Хакейны клуб» Дынама-Мінск» была ўстаноўленая Галоўным упраўленнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі. Аператыўнымі супрацоўнікамі МУС задакументаваныя абставіны злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі генеральным дырэктарам «Дынама-Мінск» Максімам Суботкіным, якое пацягнула прычыненне шкоды клубу ў асабліва буйным памеры. Акрамя таго, выяўленыя факты крадзяжу шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненага генеральным менеджарам Уладзімірам Беражковым. Ён на працягу года сістэматычна прысвойваў грашовыя сродкі хакейнага клуба і распараджаўся імі на сваё гледжанне.