15.12.2015 / 17:11

Падчас рэканструкцыі Моладзевага тэатра знойдзеная труна з целам ФОТА Асцярожна: жорсткія фота 22

14 снежня, падчас пракладкі камунікацый каля Моладзевага тэатра ў Мінску, будаўнікі натыкнуліся на пасляваенныя пахаванні.

За чатыры гады рэканструкцыі мінскага Моладзевага тэатра гэта не першы выпадак, калі будаўнікі знаходзяць чалавечыя косткі. Але гэтым разам адкапалі цалкам захаваную труну з пахаваным у ёй савецкім вайскоўцам. Добра захавалася яго адзежа, знакі адрознення.

«Калі пры савецкай уладзе праз 20 год пасля пахавання могілкі можна было зносіць, то па сённяшніх законах, незалежна ад тэрміну пахавання, любыя будаўнічыя працы на тэрыторыі могілак забароненыя», — абураецца гісторык Уладзімір Дзянісаў.

«Да канца XVIII стагоддзя ў Мінску ўсе хрысціянскія пахаванні знаходзіліся ў межах горада. Пачынаючы з самых старажытных часоў, у першую чаргу хавалі на тэрыторыі іх парафіі ці каля муроў альбо сценаў той царквы або касцёлу, да якой яны адносіліся, — расказвае спадар Дзянісаў. — А ад 1793 у Мінску пачалі дзейнічаць законы Расійскай імперыі, у тым ліку санітарныя нормы. Усе пахаванні мусілі быць вынесеныя за межы гораду.

І вось у 1795 былі створаны могілкі трох асноўных релігійных канфесій: каталіцкія Кальварыйскія могілкі, уніяцкія могілкі (раён Залатой Горкі) і праваслаўныя могілкі (створаныя на гары Пярэспа)». Каля апошніх і стаіць Моладзевы тэатр.

Адтуліны ў зямлі — рэшткі пахаванняў, знесеных падчас пракладкі камунікацый у савецкі час.

«Гэтыя могілкі прыкладна абмяжоўваліся сучасным праспектам Машэрава і даходзілі да вуліцы Крапоткіна. Могілкі перасякалі нават сучасную трасу на вуліцы Старажоўскай і фактычна даходзілі да сучаснага офіса Беларускай калійнай кампаніі», — адзначае Дзянісаў.

«Гэтыя могілкі праіснавалі да 1950-х. Пасля Другой сусветнай вайны была зачыненая царква Марыі Магдалены, яе перадалі пад архіў дакументаў. Могілкі ж былі знесеныя, а побач пабудавалі кінатэатр «Спартак», а пасля Моладзевы тэатр. У той час нельга было будаваць на свежых магілах, а пахаванні былі нават і пасля другой сусветнай. Таму кінатэатр не закранаў адносна новыя могілкі. Даўнейшыя ж проста загарнулі бульдозерам», — расказвае Дзянісаў.

Пасляваенная труна, знойдзеная будаўнікамі цяпер. Яна добра захавалася, бо стаіць пад пакладзенай зверху плітой. Магчыма, пад ёй ёсць яшчэ труны.

Добра захавалася форма пахаванага, будаўнікі нават асобна склалі пагоны вайскоўца.

У 1990-я царкву Марыі Магдалены вярнулі вернікам. І Беларускі экзархат пастанавіў распрацаваць праект ахоўнай зоны. Ён быў зацверджаны Мінгарвыканкамам яшчэ пры савецкай уладзе.

Парэшткі яшчэ аднаго пахавання.

Сёння чыноўнікі Міністэрства культуры могуць казаць, што ніякай ахоўнай зоны няма, бо гэтыя дакументы зацвярджалі не яны. Але ж ёсць такая юрыдычная працэдура, што пакуль стары закон не адменены – ён дзейнічае.

Па словах будаўнікоў, ніякая камісія пасля жудаснай знаходкі да іх не прыязджала.

«Я думаю, што Міністэрства культуры мае адносіны да рэканструкцыі Моладзевага тэатру, бо гэта аб’ект культуры.

Яны абапіраюцца на сучасныя законы і кажуць, што забаронаў ніякіх няма. А па горадабудаўнічым заканадаўстве гэта сур’ёзнае парушэнне. Вось ужо цэлыя труны знаходзяць.

Самае цікавае, што ва ўсіх генеральных планах гэтая тэрыторыя адзначаецца як могілкі.

У гэтай сітуацыі вельмі засмучае пазіцыя царквы, якая робіць выгляд што нічога не заўважае,

а гэта вельмі прыкра, таму што знішчаюцца пахаванні не толькі простых гараджан, але і святароў».

Гутарыў Мікіта Недаверкаў, фота Ірыны Арахоўскай

0
Юр / Адказаць
15.12.2015 / 17:42
Напiсана: ... а гэта вельмі прыкра, таму што знішчаюцца пахаванні не толькі простых гараджан, але і святароў Правiльна: а гэта вельмі прыкра, таму што знішчаюцца пахаванні не толькі святароў, але і простых гараджан
0
Пётра Міронавіч / Адказаць
15.12.2015 / 18:08
Гэта перадваенная труна, гледзячы па фота
0
хведзя / Адказаць
15.12.2015 / 18:11
як мінае ўсё ў людской памяці. калі хавалі таго вайскоўца, пэўна, салютавалі над магілай, казалі прамовы пра вечную памяць. а цяпер і не поймеш - хто такі. пашпарт не кладуць у кішэнь.
Паказаць усе каментары/ 22 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру