Шэсць дэмакратычных структур падпісалі пагадненне пра ўдзел у сумеснай кампаніі назірання за парламенцкімі выбарамі 2016 года, паведамляе прэс-служба аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». 

Дакумент акрамя БХД падпісалі рух «За Свабоду», Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Аб'яднаная грамадзянская партыя і Прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). 

«Аб'яднанне дэмакратычных сіл і сумесныя дзеянні — адна з нашых стратэгічных задач, — адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. — Беларускія ўлады штораз імкнуцца да легалізавання сваёй дзейнасці праз выбарчыя працэсы, але назіральнікі паказваюць іх неадпаведнасць дэмакратычным нормам. Мы будзем дамагацца права на сумленныя і празрыстыя выбары з рэальным падлікам галасоў». 

«Каб рабіць нейкія высновы адносна таго, ці былі выбары справядлівымі, празрыстымі і дэмакратычнымі, трэба мець назіральнікаў, якія будуць сачыць за ходам выбараў, — сказала старшыня БСДП (Грамада) Ірына Вештард. — Пакуль я, на жаль, не бачыла за ўвесь час свайго назірання правільнага і празрыстага падліку галасоў выбаршчыкаў. Назіранне дае магчымасць сабраць фактычны матэрыял аб тым, наколькі дэмакратычнымі, справядлівымі і празрыстымі былі выбары, і на падставе гэтага рабіць адпаведныя высновы». 

Парламенцкія выбары ў 2016 годзе пройдуць не пазней за 11 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?