У суботу мела шчасьце пабываць на вечары праграмы «Навстречу/Насустрач» у Мінску . Гэта ўжо другая вечарына з праграмы, на якую мне давялося трапіць. Выступалі магілёўскі паэт Дзьмітрый Дзьмітрыеў і маскоўскі паэт Дзьмітрый Танканогаў. Да гэтага недзе год таму ў той жа залі Мінскай абласной бібліятэкі слухала дуэт Андрэя Хадановіча з Андрэем Радзіонавым. Ня ведаю, як было на іншых сустрэчах, але гэтыя дзьве склалі ў мяне дзіўна сінхронныя ўражанні. У асноўным гэта тычыцца спалучальнасьці беларускай і рускай частак, змены адценняў настрою з пераходам чаргі ад аднаго аратара да другога. Перш за ўсё трэба адзначыць, што па эмацыйнасьці пальму першынства ў абодвух выпадках ўзялі расіяне.

Што яшчэ чаплянула за вуха ў рускай частцы — рваныя рытмы, злоба дня і падпазногцевая фізіялагічнасьць штодзённых працэсаў, падкрэсленая геаграфалагічнасьць — пастаянна назвы станцый, мікрараёнаў, тапонімаў мясцовага значэння. І ўсё гэта з нізкамі свежых, часта дасьціпных вобразаў. Напрыклад, прыём — пералік будзённых дзеяў: прачнуўся, «Проткнул яічніце оба глаза»( з верша Дзьмітрыя Танканогава) і г.д. Гэта захапляе — сачыць за нанізваннем дзеянняў адно на другое, толькі рассмакуеш адзін вобраз, а тут ужо новы: «Шаг влево не пріравнівается ні к чему». Дзьмітрый Танканогаў. Цудоўна.

Беларуская частка на такім фоне глядзелася … эффектна. Беларускія аўтары побач з такім «зажыгалкамі» ў абодвух выпадках выглядалі гэтакімі вытанчанымі інтэлігентамі‑інтэлектуаламі. Творы Дзьмітрыя Дзьмітрыева — люстраванкі, амбіграмы, мікра‑ і ўласна паліндромы — трэба проста глядзець. Адзінае, што можна тут дадаць — амаль фізычна адчуваеш, як перабудоўваецца глядацкае ўспрыняцце — са спажывецкага яно пераўтвараецца ў сутворчае. Бачыць, як адбітак слова ў люстэрку жыве сваім жыццём, трансфармуецца і прэтэндуе на роўныя правы з першакрыніцай…. Кубарыкі — яшчэ адна абсалютна новая з’ява ў літаратурным полі — на мой погляд, большасьць залі ўрубілася ў сэнс зьявы толькі пры дапамозе «нагляднасьці» выступу . Наогул, такая літаратурна‑інтэлектуальная атака на глядацкі мозг мае нешта ад правакацыі. Такое ўражанне склалася не ў мяне адной. Адна з глядачак западозрыла Дзіму ў спробе пад выглядам літаратуры прэзентаваць навуковыя распрацоўкі цалінных глыбаў беларускай паэзіі! А Андрэй Хадановіч, увогуле, напужаны ўсемі гэтымі «фокусамі з люстэкам» запытаўся: можа ў Дз.Дз. ужо ёсьць тэксты, якія ўвогуле не адлюстроўваюцца?!

Яшчэ адна асаблівасьць тэкстаў Дзьмітрыя Дзьмітрыева, якую я заўважыла яшчэ пад час выступу Дзімы на Хадановічавай прэзентацыі бэрлібраў. З першай жа секунды ён зьвяртаецца да разумнага, эрудыраванага, высокаадукаванага гледача. Заля гэта адчувае, яна намагаецца апраўдаць і ў канечным ліку апраўдвае чаканні паэта. Гэта вельмі кантрастуе са звыклым уяўленнем пра выступ.

Уся вечарына цягнулася крыху больш за гадзіну. З залі пыталіся пра літ.працэс у Маскве і ў Магілёве. Мімаходам адбылася прэзентацыя новага дыску меладэкламацый Джэці «Fantom of the literature» з серыі «Дыскарня «Нашай нівы».

nashatanja via by_litara

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0