Кітайская Народная Рэспубліка выдзеліла 40 млн даляраў на будаўніцтва студэнцкага інтэрната для Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства адукацыі.
Як сказаў намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды, інтэрнат будзе пабудаваны ў студэнцкай вёсцы ў межах праспекта Дзяржынскага, вуліцы Сямашкі і вуліцы Чурлёніса. Будаўніцтва плануецца завяршыць да 1 студзеня 2018 года. Узводзіць будынак будзе «25-я кампанія кітайскай Карпарацыі па чыгуначным будаўніцтве».
Інтэрнат разлічаны на 1.032 месца. Плануецца, што ў ім будуць пражываць студэнты з Кітая і Беларусі, якія вучацца ў БНТУ. На першым паверсе інтэрната прадугледжваецца адкрыць аб'екты грамадскага харчавання, амбулаторыі, адміністрацыйнага памяшкання, памяшкання для культурна-масавых мерапрыемстваў і бытавога абслугоўвання, фізкультурна-аздараўленчыя цэнтры.
Паводле звестак Мінадукацыі, у студэнцкай вёсцы жывуць больш як 7 тысяч студэнтаў розных ВНУ.