31.03.2008 / 15:40

Шыдлоўскаму адмовілі ў палітычным прытулку ў Чэхіі 4

Міністэрства ўнутраных спраў Чэхіі адмовілася займацца справай аб наданні актывісту беларускай апазіцыі Аляксею Шыдлоўскаму палітычнага прыстанішча.

Міністэрства ўнутраных спраў Чэхіі адмовілася займацца справай аб наданні актывісту беларускай апазіцыі Аляксею Шыдлоўскаму палітычнага прыстанішча.

Як паведаміў БелаПАН А. Шыдлоўскі, яму патлумачылі, што ў адпаведнасці з Дублінскім пагадненнем займацца справай аб прадастаўленні палітычнага прыстанішча павінна краіна, якая выдала больш доўгатэрміновую візу.

«На той момант у мяне дзейнічала гадавая літоўская віза, а чэшская была выдадзена толькі на тры дні. Незразумела толькі, навошта мяне было трымаць у лагеры для бежанцаў паўтара месяца», — падкрэсліў ён.

А. Шыдлоўскі паведаміў, што з Чэхіі ён быў высланы ў Літву, аднак літоўскія ўлады не ведалі падрабязнасці яго справы і хацелі накіраваць у Беларусь.

«У выніку мне ўдалося дамовіцца, каб мяне накіравалі ва Ўкраіну», — зазначыў ён.

Актывіст апазіцыі пакуль не збіраецца вяртацца ў Беларусь.

«Мяне арыштуюць ужо на мяжы, я ўнесены ў адпаведны спіс. Мой адвакат даведаўся, што я аб’яўлены ў вышук па Беларусі, а справа ў дачыненні да мяне знаходзіцца ў закансерваваным стане. Цяпер у мяне скончыўся тэрмін дзеяння літоўскай візы. Буду спрабаваць зноў атрымаць чэшскую візу, гэтым разам фармальных прычын адмовіць у разглядзе май справы не будзе», — паведаміў ён.

А. Шыдлоўскі вымушаны быў прасіць палітычнае прыстанішча пасля таго, як у Беларусі ў яго дачыненні ў канцы 2007 года была распачата справа на падставе ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства), згодна з якой яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Крымінальная справа была адкрыта пасля бойкі ў магазіне, што ўзнікла пасля сваркі з прадаўцом з‑за партрэта Аляксандра Лукашэнкі. А.Шыдлоўскі заяўляе, што бойка была справакавана.

У лютым 1998 года А.Шыдлоўскі быў асуджаны да 1,5 года пазбаўлення волі па абвінавачанні ў злосным хуліганстве за нанясенне антыпрэзідэнцкага графіці на сцены дамоў у Стоўбцах Мінскай вобласці. У 2001 годзе за ўдзел у дзейнасці незарэгістраванага маладзёжнага руху «Зубр» ён быў асуджаны да двух гадоў папраўчых работ і выключаны з Інстытута сучасных ведаў.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН

0
AndrMiel / Адказаць
31.03.2008 / 21:22
На жаль, занадта мы чужыя для чэхаў - нават тыя, для каго чэхі не чужыя. За савецкія танкі ў 68м і пакаленню Шыдлоўскага даводзіцца адказваць. "Саграшылі мы (вы) і бацькі нашыя (вашыя)".
0
Auhien Sidoryk / Адказаць
31.03.2008 / 22:16
Буду спрабаваць зноў атрымаць чэшскую візу, гэтым разам фармальных прычын адмовіць у разглядзе май справы не будзе», Aliaksiej ,nie rabi bols pamylak. Pa ceskich zakonach ty niamajech prava prasic palitycny prytulak dvojcy na hod.Na hetaj padstavie ciebia prosta nie prymuc u toj lahier. Pisy . Moj e-mail ty viedajes.
0
дзівак / Адказаць
31.03.2008 / 22:40
але ж гэта й вынік дзейнасьці нашых апазіцыйных лідэраў даўно ўжо гаворыцца што людзей ня толькі трэба кідаць на амон але й патурбавацца аб іх бясьпецы ў тым ліку і аб магчымасьці палітычнага прытулаку ў выключных выпадках на жаль па замежжах расьсякае часта блатата ці абраныя а астатнія ведаюць на што йшлі ўсе мы дарослыя людзі
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру