Лідары кангрэса ЗША дамовіліся аб бюджэтным плане, паводле якога дзеючая 40 гадоў забарона на экспарт нафты з краіны будзе знятая, а ўрад зможа і далей атрымліваць фінансаванне, піша Bloomberg са спасылкай на спікера палаты прадстаўнікоў ЗША Пола Раяна.

Гаворка ідзе пра план фінансавання ўрада ЗША на 2016 год. Галасаванне па ім пройдзе ў Палаце прадстаўнікоў у чацвер.

Многія кангрэсмены палаты прадстаўнікоў гатовыя падтрымаць Раяна і лічаць, што ён прывёў «пераканаўчыя довады».

«У нас найлепшыя тэхналогіі, найлепшая нафта, з часам мы выцеснім расейскую нафту, мы выцеснім саўдзітаў, іранцаў, — заявіў кангрэсмен-рэспубліканец ад штата Тэхас Джо Бартан у інтэрв'ю Bloomberg. — ЗША стануць рулявым энергетычнай палітыкі ва ўсім свеце. Гэта велізарная перамога».

Рэспубліканцы неаднаразова прапаноўвалі скасаваць забарону на экспарт сырой нафты, аднак іх ініцыятыва не знаходзіла падтрымкі ў сената і Белага дома. Калі палата прадстаўнікоў кангрэса, сенат і прэзідэнт ЗША Барак Абама ўхваляць законапраект, то рэспубліканцы, у сваю чаргу, павінны будуць пайсці на саступкі дэмакратам, якія патрабуюць падтрымкі праектаў у вобласці «зялёнай энергетыкі».

Сенатар-дэмакрат ад штата Арэгон Джэф Мерклі пры гэтым заявіў, што скасаванне эмбарга з'яўляецца «велізарнай памылкай», якая абяцае «раптоўны куш вялікай нафты» за кошт амерыканскіх рабочых і на шкоду планеце.

Заканадаўчая забарона на экспарт амерыканскай нафты дзейнічае з 1975 года. Пры гэтым у мінулым годзе міністэрства гандлю пачало дазваляць кампаніям экспартаваць сланцавую нафту пасля мінімальнай апрацоўкі, а ў жніўні паведаміла, што пачне дазваляць кампаніям абменьвацца нафтай з Мексікай. ЗША таксама ўжо экспартуюць некалькі мільёнаў бараляў нафты ў дзень у Канаду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0