Сёньня стаў вядомы склад зборнай Беларусі па тэнісе, які згуляе ў матчы за выхад у плэй‑оф Сусьветнай групы супраць каманды Швайцарыі.

Капітан беларусаў Дзьмітры Татур разьлічвае на вопытных Максіма Мірнага, Уладзімера Ваўчкова, а таксама на маладых партнёраў: Уладзімера Ігнаціка і Андрэя Каратчэню.

Усе нашыя тэнісісты, апроч Мірнага, ужо знаходзяцца ў Менску і распачалі падрыхтоўку да будучага матчу.

Швайцарцы назавуць склад сваёй дружыны 1 красавіка. Першая ракетка сьвету Роджэр Фэдэрэр яшчэ ня вызначыўся, ці будзе гуляць у Менску — гэтае пытаньне вырашыцца ў самы апошні момант. Але ў распараджэньні швайцарцаў нямала вядомых майстроў, сярод якіх 20‑я ракетка сьвету Станіслас Ваўрынка.

Найлепшы зь беларускіх тэнісістаў — Максім Мірны — мае 188‑ую пазыцыю ў сусьветным рэйтынгу.

Матч Беларусь — Швайцарыя пройдзе ў Менску, у футбольным манежы 11‑13 красавіка.

Квіткі прадаюцца ня толькі ў касах манежу, але і ў тэатральных. Іх кошт ад 30 тыс. да 80 тыс.

Паводле БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0