У Беларусі могуць увесці новыя ліміты на пасылкі з замежных інтэрнэт-крамаў, заявіў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Сянько. Адзін з варыянтаў — абмежаваць інтэрнэт-пакупкі за мяжой сумай 200 еўра ў год.

Цяпер мытнікі вядуць перамовы са сваімі калегамі з Расіі і краін ЕАЭС, каб увесці адзіныя нормы на міжнародныя пасылкі.

Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Сянько мяркуе, што ў краінах Мытнага саюза павінны дзейнічаць адзіныя правілы ўвозу тавараў з замежных інтэрнэт-магазінаў.

«У рамках Мытнага саюза разумным, на маю думку, было б, калі дзейнічалі адзіныя стаўкі мытных пошлін і агульныя нормы ўвозу. Гэта было б правільна. Трэба ствараць абсалютна роўныя ўмовы для перамяшчэння тавараў і падыходы», — лічыць старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Беларускія мытнікі ўжо прапанавалі калегам з Расіі і іншых краін ЕАЭС «паменшыць колькасныя паказчыкі як па вазе, так і вартасным абмежаванні ўвозу міжнародных паштовых адпраўленняў», удакладніў Юры Сянько. Паводле яго слоў, пакуль краіны ЕАЭС не прыйшлі да адзінага рашэння.

Адзін з варыянтаў, якія прапануюць мытнікі, скараціць ліміт па пасылку да 200 еўра ў год. Гэта можа закрануць як усе пакупкі, так і асобныя катэгорыі тавараў «у залежнасці ад разумнасці іх выкарыстання ў эксплуатацыі».

Да прыкладу, тавараў працяглага карыстання. «Не кожны месяц чалавек набудзе планшэт, гэта не аловак. Не часцей, чым раз у год», - удакладніў Юрый Сянько.

Паводле яго слоў, не выключана, што будуць уведзеныя новыя ліміты таксама па вазе і колькасці пасылак. «Мы лічым, што неабходна знізіць колькасныя паказчыкі па бяспошлінным увозе тавару на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, бо інтэрнэт-гандаль набывае ўжо вельмі масавы характар. Колькасць міжнародных паштовых адпраўленняў у год вырастае практычна ў геаметрычнай прагрэсіі. Калі яшчэ 4 гады таму ў нас у краіну ўвозілася і афармлялася штодня каля 3 тысяч міжнародных паштовых адпраўленняў, то сёння гэта даходзіць да 70 тысяч », — прывёў статыстыку Юрый Сянько.

Нагадаем, сёння беларусы могуць бяспошлінна атрымліваць з-за мяжы пасылкі для асабістага карыстання на суму не больш за 200 еўра ў месяц (незалежна ад колькасці пакупак).

Калі ліміт перавышаны, то давядзецца заплаціць 30% з сумы перавышэння. У Расіі гэтая норма складае 1000 еўра і 31 кілаграм у месяц.

Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта удакладняе, што нярэдка ўвозяцца партыі тавару, якія затым перапрадаюцца. «Але калі гэта набывае ўжо масавы характар і прызначана для гандлю, натуральна, неабходна рабіць больш жорсткімі падыходы і спыняць падобныя факты, — сказаў Юрый Сянько. — Над гэтым мы сёння працуем».

У Беларусі неаднаразова заяўлялі пра намер ўвесці падатак на пасылкі з замежных інтэрнэт-магазінаў. Прапаноўвалася яго спаганяць пры аплаце пакупак па картцы, але банкі растлумачылі, што тэхнічнай магчымасці гэта зрабіць няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?