Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі выступілі са зваротам, у якім заклікаюць дэмакратычную апазіцыю да кансалідацыі.

«Сёлетняя палітычная кампанія па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у чарговы раз засведчыла даўнюю хібу беларускай дэмакратычнай апазіцыі: няздольнасць аб`ядноўвацца, дамаўляцца аб супольных дзеяннях, выступаць адзінай сілай. Апазіцыя не змагла выпрацаваць і прыняць сумесную праграму, вылучыць адзінага кандыдата ў прэзідэнты. У выніку выбары прайшлі па сцэнары ўлады і прывялі апазіцыю да крызіснага стану», — гаворыцца ў звароце. 

Як адзначаюць яго аўтары, замест таго, каб аналізаваць памылкі і рабіць з іх высновы, прадстаўнікі апазіцыі — і тыя, хто ўдзельнічаў у выбарах, і тыя, хто іх байкатаваў, — «даводзяць сваю правату, паглыбляюць раскол». 

«Частка апазіцыі ўжо заяўляе пра гатоўнасць удзельнічаць у наступнай палітычнай кампаніі: парламенцкіх выбарах. Прычым заяўляе гэта пры выбарчым законе, які дэмакратычных, свабодных выбараў не прадугледжвае», — падкрэсліваецца ў адозве. 

«Мы не заклікаем ні да ўдзелу ў парламенцкіх выбарах, ні да няўдзелу. Мы заклікаем да кансалідацыі, да супольнай пазіцыі як у адносінах да выбараў, гэтак і ў адносінах да тых палітычных працэсаў, якія акрэсліліся апошнім часам у стасунках паміж Беларуссю і Еўразвязам, дэмакратычным Захадам. Працэсы гэтыя выключна важныя, яны наўпрост уплываюць на будучыню краіны — і падыходы да іх мусяць быць дакладна вызначанымі, цалкам зразумелымі нашаму грамадству», — упэўненыя прадстаўнікі інтэлігенцыі. 

На іх думку, пляцоўкай для выпрацоўкі супольнай пазіцыі і трыбунай для заявы пра яе можа стаць кангрэс дэмакратычных сіл, магчымасці якога не былі скарыстаныя перад прэзідэнцкімі выбарамі. «Мы заклікаем скарыстаць іх перад выбарамі парламенцкімі», — гаворыцца ў дакуменце. 

«Толькі сумесны план дзеянняў, замацаваны абавязковымі для ўсіх рашэннямі кангрэса, можа выправіць сітуацыю: вывесці апазіцыю з крызісу, вярнуць ёй палітычную вагу, давер унутры краіны і за яе межамі. Гэта цяжка, але яшчэ можна зрабіць, калі паставіць інтарэсы Беларусі вышэй за інтарэсы партый, рухаў, за асабістыя інтарэсы», — зазначаюць аўтары звароту. 

Яны аклікаюць усіх лідараў і актывістаў беларускай дэмакратычнай апазіцыі «выявіць палітычную адказнасць, склікаць кангрэс з шырокім удзелам грамадзянскай супольнасці і прыняць рашэнні, скіраваныя на ўмацаванне незалежнасці нашай дзяржавы». «Гэта трэба зрабіць не толькі дзеля кансалідацыі апазіцыі — дзеля нацыянальнай згоды. Бо пры той нязгодзе, якая ёсць сёння ў нашым беларускім доме, мы не толькі не дойдзем да Беларусі, пра якую марым, а можам страціць нават тую, якую маем», — падкрэсліваюць прадстаўнікі інтэлігенцыі.

Зварот падпісалі вядомыя культурныя і грамадскія дзеячы Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Зінаіда Бандарэнка, Анатоль Вярцінскі, Радзім Гарэцкі, Ніл Гілевіч, Віктар Казько, Аляксей Марачкін, Генадзь Фядыніч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?