Былы генеральны дырэктар баскетбольнага клуба «Цмокі-Мінск» Канстанцін Шаравера не прызнаў сябе вінаватым у злачынствах, якія яму інкрымінуюцца. Пра гэта ён заявіў 17 снежня на слуханнях у судзе Маскоўскага раёна сталіцы пасля аб'яўлення абвінавачвання.
Абвінавачванне старшы памочнік пракурора Маскоўскага раёна Раман Бізюк зачытваў 16 і 17 снежня агульным лікам больш як шэсць гадзін.
Былому спартыўнаму функцыянеру інкрымінуецца крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, што мела вынікам цяжкія наступствы. Ён абвінавачваецца ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 4 арт. 210, ч. 3 арт. 424 і ч. 2 арт. 210 КК.
У прыватнасці, Шараверу ставіцца ў віну раскраданне грашовых сродкаў клуба, залішне налічаных работнікам і спартсменам, на аснове розніцы ў памеры ўзнагароджанняў у прыватна агавораных гендырэктарам і афіцыйна аформленых кантрактах. Сумы маглі адрознівацца ў разы. Урон ад гэтай дзейнасці ацэньваецца больш чым у 6,2 млрд. рублёў. Таксама Шаравера абвінавачваецца ў арганізацыі вываду з абароту клуба сродкаў, што выдзяляюцца на кампенсацыю харчавання спартсменам падчас вучэбна-трэніровачных збораў.
Злачынныя эпізоды дзейнасці абвінавачванага адносяцца да перыяду з лета 2010 года па 8 красавіка 2014 года.
Канстанцін Шаравера знаходзіцца пад вартай з 14 красавіка 2015 года.
18 снежня ў судовым працэсе пачнецца допыт абвінавачванага.