У Лельчыцах на выязным пасяджэнні Гомельскага абласнога суда 17 снежня прайшлі дэбаты па рэзананснай крымінальнай справе. Жыхар Лельчыцкага раёна абвінавачваецца ў забойстве дзвюх і больш асоб агульнанебяспечным спосабам і з асаблівай жорсткасцю. 

Як паведаміла прэс-сакратар Гомельскага абласнога суда Наталля Пугачова, дзяржаўнае абвінавачванне запатрабавала для абвінавачванага 23 гады пазбаўлення волі. 

Нагадаем, у красавіку 2015 года 36-гадовы жыхар раёна падпаліў фургон аўтамабіля, у якім знаходзіліся людзі. Вяртаючыся з працы ў службовым аўтамабілі па дарозе Тураў — Лельчыцы — Славечна, пасля сумеснага распівання спіртных напояў з калегамі, на глебе раптоўна ўзніклых асабістых непрыязных адносінаў абвінавачваны ўзяў каністру з бензінам і выліў яго на падлогу ў цэнтральнай частцы фургона, падпаліў выліты бензін і выскачыў на хаду з машыны, якая загарэлася. У аўтамабілі знаходзіліся восем чалавек. 

Вадзіцель, заўважыўшы ўзгаранне, рэзка знізіў хуткасць і спыніў аўтамабіль, пяці пацярпелым удалося самастойна пакінуць палаючы фургон. Трое мужчын ад нанесеных цялесных пашкоджанняў памерлі ў бальніцы. Агнём знішчаны службовы аўтамабіль і асабістыя рэчы пацярпелых. 

Прыгавор павінен быць аб'яўлены 29 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?