Як бы цынічна ні гучала, такім крокам беларускія ўлады ў сваім уяўленьні ствараюць новую прастору для дыялёгу. Разважае Валер Булгакаў.

«Чаму падзеі 27 сакавіка (ператрусы журналістаў) адбыліся менавіта 27 сакавіка, ведаюць толькі людзі з найвышэйшых эшалёнаў беларускай улады. Відавочна, аднак, што пачатак гэтай апэрацыі супаў, па-першае, з абвастрэньнем беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў. А, па-другое, з прамацваньнем новаабранага прэзыдэнта Расеі Мядзьведзева наконт працягу інтэграцыйнай гульні. Цікава, што каб паставіць ЗША на месца, асноўны ўдар быў наўмысна нанесены па структурах, якія падтрымліваюцца ЭС. Вонкава апэрацыя была абстаўлена так, каб гэта не выглядала як адказ беларускіх уладаў на сілавыя дзеяньні ЗША.

Аб'ектам атакі стаўся ценявы сэгмэнт беларускага незалежнага грамадзтва. Тым самым, быў дасланы мэсыдж заходняй супольнасьці прыкладна такога зьместу: калі Захад ня будзе згаворлівым перадусім у пытаньні доступу прадуктаў беларускай нафтаперапрацоўкі на свае рынкі, незалежнае грамадзтва будзе і далей знаходзіцца пад ударам.

Экспарт прадуктаў нафтаперапрацоўкі рос у першыя сёлетнія месяцы. Беларускія ўлады нават загаварылі пра адкрыцьцё трэцяга нафтаперапрацоўчага заводу. Дык чаго баіцца Лукашэнка? Ён баіцца, што прыклад Эўропа паўторыць прыклад ЗША, то ўся гэтая нафтаперапрацоўка акажацца нікому непатрэбнай.

Як бы цынічна ні гучала, такім крокам беларускія ўлады ў сваім уяўленьні ствараюць новую прастору для дыялёгу. 27-га адбыліся ператрусы, а 28-га – міністар замежных спраў С.Мартынаў заявіў, што Беларусь гатовая да канструктыўнага дыялёгу з ЗША. Гэта прыклад цынічнай постсавецкай сілавой палітыкі між іншым сьведчыць, што жорсткі аўтарытарызм у Беларусі дапаўняецца яўнай шантажысцкай палітыкай дзяржавы.

Паколькі ніхто зь фігурантаў гэтай справы пакуль ня быў затрыманы, я мяркую, гэтая хваля ня будзе мець бліжэйшым часам працягу. Найхутчэй будзе зробленая паўза, каб прааналізаваць, як сілавыя мэтады ўзьдзейнічаюць на заходніх палітычных лідэраў. Хоць разьлік яўна робіцца на тое, што ў бэрлінскіх і брусэльскіх калідорах улады і надалей будзе панаваць дэфіцыт палітычнай волі і каардынацыі, я не выключаю, што насамрэч разьлік акажацца лішне амбіцыйным і нешта такое можа паўтарыцца, наступствы гэтага канфлікту могуць стаць непрадказальнымі».

Валер Булгакаў – галоўны рэдактар часопісу ARCHE.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?