Многія яе не пераносяць, іншыя высмейваюць за яе школьны выгляд, а некаторыя пляткараць пра яе, кажучы, што нібыта ў яе любоўная сувязь з бойкім старэючым шэф-рэдактарам радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксеем Венядзіктавым. Відаць, усё гэта няпраўда. Журналістка Леся Рабцава, мяркуючы па ўсім, была дасведчанай шпіёнкай.

ria.ru

ria.ru

У адну з апошніх свабодных радыёстанцый, што вяшчаюць на ўсю Расію, «Эхо Москвы», Рабцаву нібыта заслалі спецыяльна для разведвання важнай інфармацыі ў нетрах гэтага вельмі папулярнага сродку масавай інфармацыі, які лічыцца «галоснай трубой» расейскай апазіцыі.

Акрамя таго, задачай Лесі было раскладаць знутры раней згуртаваны калектыў «Эха», унікальную каманду ў асяроддзі расійскіх СМІ, якім пэўная свабода дазваляецца ўжо толькі ў інтэрнэце. І з той, і з другой задачай Леся справілася бліскуча. Па меншай меры так сцвярджаюць тыя, хто даверыў ёй місію.

Аперацыя «Цік-Так»

Галоўным ідэолагам праекта «Леся», імаверна, быў вядомы расійскі прадзюсар, былы дэпутат Дзяржаўнай Думы Канстанцін Рыкаў. Ён нават распавёў, што кодавай назвай аперацыі было не імя «Леся», а «Цік-Так». Нягледзячы на тое, што пасля Рыкаў заявіў, што яго ранейшыя сцвярджэнні — няпраўда, усё, што ў апошнія дні робіць Рабцава, грае на руку Крамлю. Нават калі праўрадавыя сілы не прыцягвалі Лесю да бруднай працы, так ці інакш яна яе выканала.

На станцыі «Эхо Москвы» Леся з'явілася ў 2011 годзе. Неўзабаве яна стала правай рукой самога вядомага і найстарэйшага шэф-рэдактара федэральнага СМІ Аляксея Венядзіктава. Ёй даставалася шмат часу ў эфіры, і слухачам яна запомнілася здольнасцю крытыкаваць, часцяком балансуючы на мяжы хамства. Больш сталыя калегі адмаўляліся з ёй працаваць. Палова першапачатковага калектыву «Эха» пасварылася з-за яе з Венядзіктавым. Некаторыя звольніліся. Але Венядзіктаў лічыў яе самай таленавітай маладой журналісткай і выдатным менеджарам. Яе было шмат усюды.

Пятага снежня расійскую медыя-прастору абляцела нечаканая навіна. Рабцава сыходзіць з «Эха». Яна шпіёнка Крамля, Мата Хары ад СМІ. Дванаццатага снежня Рабцава стала гераіняй вельмі рэйтынгавай праграмы на расейскім дзяржаўным тэлеканале НТВ «Новыя рускія сенсацыі». Лейтматывам амаль гадзіннай гутаркі была «праўда і апазіцыя».

Рабцава вынесла на публіку «брудную бялізну», з якой, па яе ўласных словах, яна сутыкнулася падчас працы на станцыі. Дзякуючы заступніцтву Венядзіктава, яна наблізілася да ўсіх апазіцыйных лідараў, перад ёй адкрываліся дзверы ва ўсе звычайна вельмі пільныя апазіцыйныя лагеры. Цяпер усе іх яна апісвае ў чорных танах. Затое прэзідэнта Пуціна, ад якога яна, як кажа, стаяла «на адлегласці працягнутай рукі», Леся ўсхваляе як чалавека разумнага і сабранага.

Сноўдэн у спадніцы

Рабцаву празвалі «Сноўдэнам у спадніцы». Па НТВ яна характарызавала вядомыя постаці, такія як Міхаіл Хадаркоўскі: «Ён мяне палохае». Згадвае яна і змагара з карупцыяй Аляксея Навальнага: «Гэта такі ж маніпулятар і правакатар, як і Хадаркоўскі». Пра экс-прэм'ера урада РФ Міхаіла Касьянава, які сёння з'яўляецца лідарам дэмакратычнай апазіцыі, яна кажа так: «Страшны чалавек, агідны».

Шэф-рэдактар «Эха» Аляксей Венядзіктаў пасля суботняга інтэрв'ю Лесі, напэўна, дрэнна спіць. Бо менавіта ён узяў яе ў Швейцарыю на вілу Хадаркоўскага, дзе нафтавы магнат неўзабаве пасля свайго вызвалення з турмы ў 2013 годзе сустрэўся са сваімі найбліжэйшымі паплечнікамі і сябрамі. Тады і ў галаву нікому не прыйшло, што Рабцава прысутнічае на вячэры для таго, каб зафіксаваць кампраметуючыя падрабязнасці і зладзіць скандал, які дыскрэдытуе апазіцыю, чаго не ўдавалася яшчэ ніводнаму нашмат больш дасведчанаму журналісту.

Але на самой справе вынікі яе шматгадовай разведвальнай працы па большай частцы ўяўляюць сабой нічым не пацверджаныя плёткі, прыдатныя хіба што для жоўтай прэсы. Ніякіх канкрэтных дадзеных аб карупцыі, сувязі з амерыканскімі спецслужбамі і аб сэксуальнай сапсаванасці апазіцыйных лідараў няма. Усё, што ёсць, гэта толькі заявы 24-гадовай маладой амбіцыйнай жанчыны. Леся абвяргае тое, што была засланая ў самае сэрца апазіцыйнага радыё як шпіёнка Крамля. Яна толькі нібыта пераказвае свае ўражанні. На самой радыёстанцыі скандал не камэнтуюць. Праўда, у панядзелак шэф-рэдактар Венядзіктаў павесіў на дзвярах кабінета лісток з надрукаваным прабачэннем.

* * *

P.S. Калі гэты чэшскі артыкул быў ужо апублікаваны, з'явіліся іншыя інтэрпрэтацыі выпадку з Рабцавай. Мы пастараемся пазнаёміць з імі нашу аўдыторыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?