У Мінску 18 снежня адбыўся ўстановачны семінар праекта «Ліквідацыя бар'ераў для развіцця ветраэнергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь». 

Як паведаміла кіраўнік праекта Марына Белавус, паводле яго вынікаў плануецца падрыхтаваць будаўніцтва ветраўстановак агульнай установачнай магутнасцю не менш як 25 МВт. «Задача заключаецца ў тым, каб усе шляхі, якія мы пройдзем для дасягнення гэтай мэты, у далейшым сталі нейкай тыпавой схемай, выразным механізмам, якога будуць прытрымлівацца інвестары», — растлумачыла яна. 

Праект уключае, у прыватнасці, распрацоўку і ўвядзенне ў дзеянне неабходных нарматыўна-прававых актаў па спрыянні развіццю ветраэнергетыкі, а таксама ўдасканаленне дзяржаўнага кадастра ўзнаўляльных крыніц энергіі. «Мы гутарылі з некаторымі прадстаўнікамі практычнай сферы рэалізацыі праектаў у ветраэнергетыцы, і яны жадаюць, каб кадастр быў больш зручным для выкарыстання патэнцыяльнымі інвестарамі, каб можна было ацаніць прымальнасць для будаўніцтва ветрапарку той ці іншай пляцоўкі, адзначанай у кадастры», — адзначыла Белавус. 

Прадугледжваецца таксама распрацоўка і ўдасканаленне ўжо існых тэхнічных нормаў, бо «не ўсе дзейныя ў Беларусі ветрапаркі пабудаваныя па ідэальнай схеме, як гэта робіцца ў краінах, дзе ветраэнергетыка даўно і эфектыўна развіваецца». 

Акрамя таго, праект утрымлівае кампанент, скіраваны на «павышэнне ўпэўненасці ў рэнтабельнасці праектаў у сферы ветраэнергетыкі». Для гэтага прапануецца распрацаваць праграмы інфармавання для максімальнай колькасці мэтавых груп — «ад асоб, якія прымаюць рашэнні, да шырокай грамадскасці», увесці ў ВНУ вучэбныя праграмы па ўзнаўляльнай энергетыцы, павысіць патэнцыял мясцовых спецыялізаваных інжынерна-тэхнічных кампаній, каб інвестарам было больш выгадна з імі працаваць. 

Але асноўным кампанентам праекта, паводле слоў Белавус, стане непасрэдна распрацоўка дакументаў на будаўніцтва ветрапаркаў сумарнай магутнасцю не менш як 25 МВт. «Тут крыецца ўвесь цыкл работ — выбар пляцовак для патэнцыяльных ветрапаркаў, узгадненне іх з адпаведнымі органамі, правядзенне даінвестыцыйных стадый работ і непасрэдна праектаванне», — зазначыла кіраўнік праекта, дадаўшы, што важную ролю ў гэтым будзе мець ствараны фонд прыватнага фінансавання ветраэнергетыкі. 

Распрацаваныя даінвестыцыйныя дакументы на будаўніцтва ветрапаркаў плануецца прадаваць на аўкцыёне патэнцыяльным інвестарам. 

Праект разлічаны да 2019 года. Яго бюджэт складае 3 млн 345 тыс. даляраў: 3 млн 45 тыс. даляраў выдае Глабальны экалагічны фонд, яшчэ 300 тыс. — Праграма развіцця ААН. Бенефіцыярам і арганізацыяй-выканаўцай выступае Мінпрыроды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?