Аляксандр Лукашэнка 18 снежня падпісаў указ №504 «Аб задачах сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016 год», паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўніком дзяржавы вызначаныя ключавыя паказчыкі эфектыўнасці работы ўрада Беларусі і Нацыянальнага банка ў якасці найважнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016 год, сярод якіх забеспячэнне тэмпаў росту да ўзроўню 2015:

  • валавога ўнутранага прадукту не менш за 100,3%;
  • прадукцыйнасці працы не менш за 101,5%;
  • экспарту тавараў і паслуг не менш за 103,5%;
  • рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва не менш за 100,5%.

Савету Міністраў даручана вызначыць ключавыя паказчыкі эфектыўнасці работы кіраўнікоў міністэрстваў, канцэрнаў, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, а таксама арганізацый, маёмасць якіх знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы або ў статутных фондах якіх 50% і больш акцый належыць дзяржаве, акрамя мікраарганізацый і арганізацый з удзелам замежнага капіталу. Пры гэтым не дапускаецца давядзенне арганізацыям іншых паказчыкаў, а таксама давядзенне паказчыкаў арганізацыям, не названым ва ўказе.

Савету Міністраў пастаўленая задача забяспечыць да 1 сакавіка 2016 года распрацоўку арганізацыямі дэталёвага плана мер па зніжэнні выдаткаў на вытворчасць тавараў (работ, паслуг) на 2016 год.

Як адзначылі ў прэс-службе, рэалізацыя мер па забеспячэнні макраэканамічнай стабільнасці дазволіць знізіць уплыў ад неспрыяльнай знешнеэканамічнай кан'юнктуры і забяспечыць устойлівае эканамічнае развіццё Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0