Аварыя на другім энергаблоку Ленінградскай АЭС адбылася 18 снежня а 13.50. У турбіннай зале трэснула труба з парай. Яна запоўніла памяшканне і выйшла за межы электрастанцыі. Відавочцы выклалі ў інтэрнэт фатаграфіі воблака над Сасновым Борам. Супрацоўнікаў ЛАЭС адпусцілі дадому. Другі энергаблок спынілі ўручную. Як лічаць спецыялісты, выкід быў радыеактыўным, бо ў так званы контур астуджэння рэактара паступае адпрацаваная пара. Усходні вецер панёс воблака ў бок Эстоніі і Фінляндыі.
Цяпер на Ленінградскай атамнай электрастанцыі працуюць тры энергаблокі.
Дырэктар Ленінградскай АЭС Уладзімір Перыгуда сцвярджае, што абстаноўка ў раёне станцыі спакойная.
Як паведамляюць у прэс-службе ЛАЭС, радыяцыйная і дазіметрычная абстаноўка ў наваколлі станцыі застаецца ў норме.
Кіраўнік адміністрацыі горада Сасновы Бор Уладзімір Садоўскі ў відэазвароце, заклікаў насельніцтва не паддавацца паніцы.
Ленінградская АЭС размешчана за 80 кіламетраў ад Пецярбурга, на беразе Фінскага заліва. Яна лічыцца адной з найбуйнейшых вытворцаў электраэнергіі на паўночным захадзе Расіі.