Камерцыйныя банкі да 1 лютага павінны будуць знізіць стаўкі па рублёвых ашчадных картках фізічных асоб з 15 да 3% гадавых. Паводле інфармацыі БелаПАН, на гэты крок банкі прымусяць адпаведныя рэкамендацыі Нацыянальнага банка.

На мінулым тыдні банкі ўжо панізілі даходнасць па рублёвых ашчадкартках насельніцтва, знізіўшы стаўкі з 25 да 15% гадавых. 

«Наступны крок па зніжэнні працэнтных ставак па ашчадных картках можна чакаць у сярэдзіне студзеня», — паведаміў эксперт у банкаўскіх колах. 

Да 1 лютага стаўкі па рублёвых ашчадных картках, згодна з рэкамендацыямі Нацбанка, павінны складаць не больш за 3% гадавых, па валютных — 0,1% гадавых. Такім чынам, магчымасць атрымання даходу па ашчадных картках будзе практычна зведзеная да нуля. 

Эксперты фінансавага рынку зазначаюць, што на фоне няўстойлівых інфляцыйна-дэвальвацыйных чаканняў ашчадныя карткі да апошняга часу з'яўляліся зручным сродкам назапашвання грошай. 

«Ашчадная картка для насельніцтва была суперзручным прадуктам: з аднаго боку, стаўкі былі прыцягальныя для зберажэнняў, з іншага — існавала магчымасць у любы час зняць грошы з рахунку», — сказаў старшы аналітык форэкс-брокера «Альпары» Вадзім Ёсуб.

На думку фінансавых аналітыкаў, рэкамендацыя Нацбанка хутка зніжаць стаўкі па ашчадкартках абумоўленая рэалізацыяй прынятага ў лістападзе дэкрэта № 7, які матывуе ўкладчыкаў размяшчаць сродкі ў банках на працяглы тэрмін. 

«Нацбанк раней прадэклараваў, што банкаўская сістэма зацікаўленая ў сродках насельніцтва, размешчаных на працяглы тэрмін. У гэтым сэнсе ашчадкарткі, сродкі з якіх кліенты маглі зняць у любы момант, не ўпісваліся ў новыя правілы гульні на дэпазітным рынку», — зазначыў старшы аналітык форэкс-брокера Forex Сlub Валерый Палхоўскі

Улічваючы зніжэнне працэнтных ставак, што мае адбыцца, кол-цэнтры банкаў зараз тэлефануюць трымальнікам ашчадных картак і прапаноўваюць ім перавесці сродкі на тэрміновыя рублёвыя дэпазіты, у прыватнасці анлайн-дэпазіты. 

Паводле слоў банкіраў, насельніцтва схільнае пераводзіць зберажэнні на такія ўклады, стаўкі па якіх сёння знаходзяцца ў дыяпазоне ад 20 да 30% гадавых. «За лічаныя пасля 15 снежня дні некалькі мільярдаў рублёў ужо пераведзеныя ў анлайн-дэпазіты», — паведаміў супрацоўнік аднаго з камерцыйных банкаў. 

Тым не менш, зазначаюць банкіры, у тэрміновых дэпазітаў усё ж існуюць недахопы ў параўнанні з ашчаднымі карткамі. Так, пры датэрміновым зняцці грашовых сродкаў укладчык, як правіла, губляе частку налічанага працэнтнага даходу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?