У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля 21 снежня абвешчаны прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да 21-гадовага мясцовага жыхара, які абвінавачваўся ў катаванні і забойстве жонкі. 

Як паведаміў прадстаўнік абвінавачвання, намеснік пракурора Гомеля Аляксей Гаўрыкаў, віна абвінавачанага па артыкулах 154 і 139 КК (катаванне, забойства) даказаная цалкам, і з улікам усіх абставінаў суд прысудзіў яго да 12 гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 

Маці забітай заявіла, што даравала зяцю, і прасіла яго не караць, адпаведна не падавала іск аб матэрыяльнай кампенсацыі маральнага ўрону. 

Сваю віну малады чалавек поўнасцю адмаўляў — як у катаванні, так і забойстве. Ён сцвярджаў, што жонка выпадкова выпала з акна пятага паверха падчас канфлікту. Наконт збівання жонкі (сем эпізодаў з 2012 па 2015 гады) мужчына таксама віну не прызнаў і сцвярджаў, што пабоі яна магла атрымаць у начных клубах і барах, якія наведвала. У сваім апошнім слове малады чалавек зноў заявіў, што ўсё адбылося выпадкова, што ён ніколі б не забіў жонку і кахаў яе, нягледзячы на тое, што яна яму здраджвала, не займалася выхаваннем дзіцяці, вяла разгульны лад жыцця. 

Доказы таго, што загінулую збіваў муж, утрымліваюцца ў паказаннях сведак, матэрыялах праверкі міліцыі, фотаздымках з пабоямі ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», якія выкладвала пацярпелая. Яна паведамляла ў міліцыю аб тым, што яе збівае муж, але потым забірала свае заявы. 

30 красавіка падчас канфлікту, па версіі следства і абвінавачвання, малады чалавек выкінуў жонку з акна пятага паверха. Сведкі чулі жаночы крык «Калі ласка, не трэба, дапамажыце!», гук разбітай шыбы і ўдар цела аб зямлю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?