Удзельнікі праведзенага 21 снежня ў Маскве саміту Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), у тым ліку Аляксандр Лукашэнка, прынялі заяву аб барацьбе з тэрарызмам. Пра гэта паведаміў журналістам па выніках саміту Серж Саргсян — прэзідэнт Арменіі, якая старшынствуе ў АДКБ. 

«Дзяржавы АДКБ выступаюць за фарміраванне шырокай кааліцыі на аснове палажэнняў статуту ААН, норм і прынцыпаў міжнароднага права», — цытуе Саргсяна ТАСС. Паводле слоў прэзідэнта Арменіі, краіны-ўдзельніцы АДКБ упэўненыя ў тым, што барацьба з тэрарызмам «не можа весціся без надзейнага перакрыцця крыніц яго фінансавання, блакіравання каналаў фінансавага падмацавання». 

Саргсян таксама паведаміў, што ўдзельнікі саміту падтрымалі Расію ў расійска-турэцкім канфлікце вакол самалёта Су-24 у Сірыі. «Мы абмеркавалі інцыдэнт з расійскім ваенным самалётам Су-24, якія ўдзельнічаюць у антытэрарыстычнай аперацыі ў Сірыі і збітым турэцкімі ўзброенымі сіламі. Такі крок Турцыі ніяк не спрыяе кансалідацыі міжнародных намаганняў, скіраваных на процідзеянне тэрарызму, урэгуляванне сітуацыі ў Сірыі і ўсталяванне міру ў рэгіёне. Мы, як саюзнікі Расіі, выказваем салідарнасць і падтрымку пазіцыі Масквы па гэтым інцыдэнце», — падкрэсліў Саргсян. 

Акрамя таго, паведаміў ён, на саміце аднагалосна прынята рашэнне аб падаўжэнні паўнамоцтваў генеральнага сакратара АДКБ Мікалая Бардзюжы да 1 студзеня 2017 года. 

У АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0