Дзяржаўная лясная ахова пераходзіць на ўзмоцнены рэжым аховы лясоў для недапушчэння незаконных высечак хвойных дрэў, паведаміла прэс-служба Міністэрства лясной гаспадаркі. 

У лясах выстаўленыя пасты і на рэгулярнай аснове праводзяцца рэйды па выяўленні парушальнікаў. Для больш эфектыўнай працы рэйдавыя мерапрыемствы праводзяцца сумесна з прадстаўнікамі Дзяржаўнай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце і супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі. На аўтадарогах выстаўлена больш за 300 кантрольных пастоў. Асаблівая ўвага будзе надавацца ўчасткам лесу каля вёсак, хвойным маладнякам. Прадоўжацца рэйдавыя мерапрыемствы ўсе навагоднія святы. 

Штрафы парушальнікам-фізасобам могуць скласці ад 5 да 50 базавых велічынь (ад 900 тысяч да 9 млн рублёў). Індывідуальным прадпрымальнікам у выпадку парушэння прыйдзецца выплаціць ад 20 да 200 базавых велічынь (ад 3 млн 600 тысяч да 36 млн рублёў), юрыдычным асобам — ад 50 да 300 базавых велічынь (ад 9 млн да 54 млн рублёў). 

Паводле інфармацыі прэс-службы, у пераднавагодні перыяд мінулага года было выяўлена 17 выпадкаў незаконных высечак хвойных дрэў, спагнана штрафаў на 2,5 млн рублёў. 

Як паведамлялася, з 22 снежня разгортваецца перадсвяточны гандаль навагоднімі дрэвамі. Лясгасы будуць рэалізаваць ёлкі, хвоі, навагоднія букеты, а таксама дэкаратыўныя дрэвы ў кадках. Набыць дрэвы можна і ў лясніцтвах, дзе цэны традыцыйна будуць меншыя, чым на гандлёвых кропках. Кантактныя тэлефоны і адрасы лясгасаў і лясніцтваў можна знайсці праз сайт Міністэрства лясной гаспадаркі ў інтэрнэце або непасрэдна праз сайты лясгасаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?