4 снежня Аляксандр Лукашэнка адмяніў свой візіт на ААТ «Камволь», буйнога вытворцу тэкстыльнай прадукцыі, што знаходзіцца ў Мінску.

Лукшэнка асудзіў спробы кіраўніцтва «Камволя» прыкрыць існуючыя там праблемы перад запланаваным візітам, і прыгразіў зрабіць іншы нечаканы візіт на прадпрыемства ў будучыні.

За апошнія сем гадоў «Камволь» атрымаў больш за 100 млн еўра дзяржаўных субсідый, але не скончыў ні аднаго года з прыбыткам. Колькасць працаўнікоў прадпрыемства на працягу гэтага перыяду скарацілася ўдвая.

Заняпад прадпрыемства адлюстроўвае лёс многіх падобных прадпрыемстваў у Беларусі. Паспяховыя ў савецкі перыяд, вытворцы тэкстылю ў Беларусі змагаюцца за існаванне і страчваюць кліентаў, якіх пераймаюць замежныя кампаніі. І тым не менш, улады працягваюць іх субсідаваць, нягледзячы на негатыўныя фінансавыя паказнікі.

Заняпад савецкага гіганта

«Камволь» быў заснаваны ў 1955 годзе і квітнеў, пакуль Беларусь знаходзілася ў Савецкім Саюзе. На працягу гэтага часу прадпрыемства вырабляла да 22 мільёнаў метраў тканіны ў год. Сёння «Камволь» вырабляе ў 10 разоў менш тканіны і сутыкаецца з рэальнай магчымасцю закрыцця.

Паміж 2009 і 2014 гадамі колькасць супрацоўнікаў Камволя знізілася ўдвая, дасягнуўшы 797 чалавек. Улічваючы агульную дэпрэсію ў эканоміцы, працоўная сіла прадпрыемства, магчыма, у 2015 годзе скарацілася яшчэ больш.

Па дадзеных Міністэрства фінансаў, «Камволь» скончыў 2014 з чыстай стратай у памеры 1 млн еўра. Адзіным годам, у якім страты былі нязначнымі, быў 2011. Менавіта тады Беларусь здзейсніла патроеную дэвальвацыю, што прывяло да зніжэння коштаў на беларускія тавары на сусветным рынку.

Праблемы «Камволя» сталі найбольш вострымі зімою 2012 года, калі Аляксандр Лукашэнка наведаў прадпрыемства.

Падчас гэтага візіту тэмпература ў памяшканнях прадпрыемства вагалася каля нуля градусаў па Цэльсіі, бо ацяпленне прасторы з 13-метровай столлю было занадта дарагім. Праверка таксама выявіла, што абсталяванне «Камволя» ў 95% выпадкаў састарэла.

Раззлаваўшыся на гаротны стан прадпрыемства, Лукашэнка звольніў яго кіраўніцтва і кіраўніцтва канцэрна лёгкай прамысловасці.

Мадэрнізацыя «Камволя»

Нават знаходзячыся на мяжы банкруцтва, кампанія застаецца адным з найбуйнейшых вытворцаў тканіны ў былым Савецкім Саюзе. «Камволь» таксама займае значнае месца ў лёгкай прамысловасці Беларусі. Але для таго, каб выжыць, прадпрыемству надзвычай патрэбная мадэрнізацыя.

Беларускія ўлады планавалі мадэрнізаваць «Камволь» на працягу некалькіх гадоў. Лукашэнка неаднаразова ўздымаў гэтае пытанне на сустрэчах з кіраўніцтвам кампаніі. Пасля таго, як Лукашэнка адмовіўся наведаць «Камволь» і заявіў, што яго кіраўніцтва спрабавала схаваць існуючыя праблемы, ён правёў яшчэ адну сустрэчу па стане прадпрыемства. Па выніках сустрэчы было абвешчана пра дадатковую дапамогу «Камволю» ў памеры 5 млн еўра.

За апошнія восем гадоў «Камволь» атрымаў ад дзяржавы больш за 100 млн еўра. Але, нягледзячы на шчодрую падтрымку, кампанія застаецца стратнай.

Ён мае фінансавыя цяжкасці з тых жа прычын, што і многія іншыя вытворцы тэкстылю на постсавецкай прасторы, якія выходзяць з гэтага бізнэсу. Тутэйшыя кампаніі не могуць канкураваць з азіяцкімі і турэцкімі вытворцамі. Напрыклад, Іванаўская тэкстыльная фабрыка ў Расіі збанкрутавала яшчэ ў 2001 годзе.

Тым не менш, у адрозненне ад аналагічных кампаній у іншых постсавецкіх дзяржавах, два дзясяткі беларускіх дзяржаўных вытворцаў тэкстылю працягваюць працаваць, абапіраючыся на дзяржаўныя субсідыі. Як і «Камволь», гэтыя кампаніі паказвалі найлепшы вынік у 2011 годзе, калі беларускі рубель дэвальваваўся. Але, у адрозненне ад 2011 года, цяперашні крызіс тычыцца і эканомікі Расіі- - Маскве бракуе грошай для куплі беларускіх тэкстыльных вырабаў.

Уся тэкстыльная прамысловасць, на долю якой прыпадае 3% беларускага прамысловай вытворчасці, прыходзіць у заняпад. Калі тэкстыльныя вытворцы збанкрутуюць, тысячы людзей страцяць свае працоўныя месцы. Швачка з Брэста Людміла Чанчавік паведаміла Belarus Digest, што большасці тэкстыльных вытворцаў бракуе кліентаў. Яна кажа, што сёлета працавала толькі два дні на тыдзень.

Лукашэнка бездапаможны

Спроба захавання «Камволя» нагадвае сюжэт стужкі «Дзень сурка». Нездаволены прадпрыемствам урад адхіляе яго кіраўніцтва і павялічвае субсідыі для паляпшэння яго працы. «Камволь» нязменна нясе страты, правакуючы новы віток незадаволенасці, а затым перастаноўкі кіраўніцтва і фінансавых плыняў.

Абяцаны візіт-неспадзяванка Лукашэнкі на «Камволь» у 2016 годзе не зменіць гэтай сітуацыі. Дрэнны стан справаў прадпрыемтсва агульнавядомы, і вырашэнне яго праблем выглядае малаімаверным.

Некалькі гадоў таму, улады прапанавалі стварыць жывёлагадоўчы комплекс авечак, каб забяспечыць «Камволь» айчыннай сыравінай замест воўны, імпартаванай з Расіі. Гэты план не ўдаўся, бо стварэнне прадпрыемства авечкагадоўлі з нуля з'яўляецца дарагім і ў Беларусі адсутнічаюць лугі, неабходныя для пашы авечак.

Улады разглядалі некалькі іншых альтэрнатыў, напрыклад, прыцягненне простых замежных інвестыцый або зліццё «Камволя» з паспяховым ткацкім прадпрыемствам. У 2011 годзе турэцкая кампанія De Textile заявіла пра гатоўнасць інвеставаць у «Камволь». Але, як і многія іншыя замежныя інвестары ў Беларусі, De Textile не даў рады дасягнуць пагаднення з урадам Беларусі.

Зліццё «Камволя» застаецца на парадку дня, бо гэта дазволіць схаваць страты прадпрыемства на паперы. Урад падрыхтаваў праект адпаведнага ўказа яшчэ ў 2014 годзе, але Лукашэнка дагэтуль не падпісаў яго.

Беларускія ўлады мала што могуць зрабіць, каб прадухіліць заняпад тэкстыльнай прамысловасці. Нягледзячы на асабісты ўдзел Лукашэнкі ў выратавальных аперацыях і буйныя сумы падтрымкі, «Камволь» чакае незайздросны лёс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?