Першыя тыдні зімы здзіўляюць сваёй цеплынёй і адсутнасцю снегу. Такое здараецца рэдка — у сярэднім раз на 15-20 гадоў, распавядае Еўрарадыё галоўны сіноптык беларускага Гідраметэацэнтра Святлана Рыбакова. Яна супакойвае: бліжэй да Новага года мы нарэшце ўбачым зіму.

«Ужо на наступным тыдні стане халаднавата, тэмпературны фон панізіцца, і ёсць спадзяванне, што да Новага года нас чакае цалкам зімовы пейзаж, выпадзе снег і тэмпература паветра на навагоднія святы будзе з невялікім мінусам», — паведаміла Рыбакова.

Паводле папярэдняга прагнозу, тэмпература ў студзені таксама будзе крыху вышэйшай за кліматычную норму. І толькі ў лютым, верагодна, карціна зменіцца.

«У лютым чакаецца, што тэмпературны фон будзе каля кліматычнай нормы, і люты будзе больш падобны на зімовы месяц», — сказала сіноптык.

Уплыў на надвор’е ў Беларусі і ўсёй Еўропе аказвае Атлантыка. Цёплае і сырое паветра ідзе да нас з заходнімі патокамі. Цыклоны змяшчаюцца далёка па поўначы Еўропы і не даюць дарогу холаду з Арктыкі.

Дарэчы, амерыканскія сіноптыкі прагназуюць у Еўропе рэзкія тэмпературныя кантрасты. У паўночнай частцы кантынента будзе халадней, чым звычайна, асабліва ў студзені-лютым, а ў паўднёвай — больш мяккае і цёплае надвор’е. Нізкія тэмпературы, па версіі амерыканскіх спецыялістаў, чакаюцца ў Мінску, Берліне, Варшаве і Вільні.

Апошні раз снег на Новы год бачылі ў Мінску пяць гадоў таму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0