Продаж беларускіх «МАЗаў» у Расіі скараціўся ў два разы, сведчаць звесткі расійскага аналітычнага агенцтва «Аўтаста», якое спецыялізуецца на вывучэнні рынку транспартных сродкаў РФ. 

Аб'ём расійскага рынку новых грузавых аўтамабіляў поўнай масай большай за 3,5 тоны ў лістападзе 2015 года склаў 4,1 тыс. адзінак. У параўнанні з аналагічным месяцам 2014 года продаж грузавых аўтамабіляў у Расіі знізіўся на 32%. Падзенне продажу грузавых аўтамабіляў вытворчасці Мінскага аўтамабільнага завода стала яшчэ большым — у лістападзе гэтага года ў параўнанні з лістападам мінулага продаж скараціўся на 53,6%. У апошні восеньскі месяц у Расію было прададзена 266 новых «МАЗаў». 

Усяго за студзень—лістапад 2015 года на расійскім рынку быў прададзены 3.241 грузавы аўтамабіль беларускай вытворчасці, што на 54,4% менш у параўнанні з такім жа леташнім перыядам, паведамляе «Аўтастат». 

Трэба адзначыць, што продаж прадукцыі аднаго з асноўных канкурэнтаў МАЗа на рынку РФ — расійскага КАМАЗа — таксама знізіўся, але ў меншай ступені. Так, за 11 месяцаў года камскі аўтазавод прадаў 15.281 грузавы аўтамабіль на ўнутраным рынку, што на 35,2% менш у параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года. 

Паводле вынікаў продажу за студзень—лістапад доля КАМАЗа на расійскім рынку склала 33,7% (годам раней — 29,8%), доля МАЗа — 7,1% (9%). 

Сітуацыя на беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемствах, у якіх істотна знізіўся продаж, разглядалася ў сярэдзіне года на нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб на кожным прадпрыемстве былі выпрацаваныя «гнуткія меры ўласнага рэагавання на наяўныя выклікі і пагрозы». 

Тым часам па стане на 1 лістапада на беларускіх складах знаходзілася 1.184 нерэалізаваныя грузавыя аўтамабілі, што ў 4,2 разу перавышае сярэднямесячны аб'ём іх вытворчасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?