ААТ «Камволь» будзе дадаткова выдзелена 50 млн. еўра на завяршэнне мадэрнізацыі і папаўненне абаротных сродкаў. Такое рашэнне ўтрымліваецца ва ўказе № 493 ад 17 снежня, які сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. 

«Прапанаваць адкрытаму акцыянернаму таварыству «Ашчадны банк «Беларусбанк» выдаць ААТ «Камволь» у 2014—2016 гадах крэдыты пад гарантыі ўрада Рэспублікі Беларусь без іншага забеспячэння для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта і для папаўнення абаротных сродкаў у суме 47 млн. 300 тыс. еўра і 3 млн. 502,6 тыс. еўра адпаведна з тэрмінамі вяртання ў 2017—2023 гадах і збіраннем платы за карыстанне імі ў памеры не больш як 9 працэнтаў гадавых», — гаворыцца ў дакуменце. 

Таксама выдаецца бюджэтная пазыка на 5 млн. еўра з умовай павелічэння дзярждолі ў ААТ на гэтую суму. Указам удакладнены падатковыя і адміністрацыйныя льготы і прадоўжана растэрміноўка па пагашэнні завінавачанасці да 31 снежня 2017 года. 

Як было адзначана 4 снежня на нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі па пытанні мадэрнізацыі «Камволя», на гэты час на прадпрыемстве ўжо праведзена «сур'ёзная мадэрнізацыя, забяспечана магчымасць выпуску тканіны высокай якасці». Паведамлялася таксама, што дзякуючы новаму абсталяванню вытворчыя магутнасці «Камволя» значна пашырэлі, засталося забяспечыць прадпрыемства якаснай сыравінай. ААТ «Камволь» таксама неабходна мадэрнізаваць фінішныя аперацыі, звязаныя з аздабленнем, што патрабуе ўкладання сродкаў. Адпаведны інвестпраект будзе завершаны ў першым паўгоддзі 2016 года. 

У той жа час на нарадзе было заяўлена, што прадпрыемству неабходна вырашыць шэраг праблем, звязаных, у прыватнасці, з разгрузкай складоў, удасканаленнем маркетынгавай стратэгіі. Лукашэнка раскрытыкаваў працу прадпрыемства. Напярэдадні нарады ён планаваў наведаць «Камволь», аднак, як паведаміў на нарадзе, наўмысна адмовіўся ад гэтага. Як растлумачыў кіраўнік дзяржавы, «міністр пачаў займацца там махлярствам. І для таго каб паказаць на працягу аднаго-двух дзён працу прадпрыемства, сабраў усё, што можна, з міністэрства, з канцэрна, звёз туды сыравіну для таго, каб на дзень-два запусціць машыны, а пасля ад'езду прэзідэнта, напэўна, паспяхова іх спыніць». 

На нарадзе было заяўлена і пра іншыя праблемы, якія меліся быць вырашаныя да візіту Лукашэнка, у тым ліку кадравых. У сваю чаргу Лукашэнка паабяцаў, што яшчэ прыедзе на «Камволь», прычым нечакана. 

3 снежня прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў падчас наведвання ААТ «Камволь» заявіў, што кіраўніцтву прадпрыемства неабходна падрыхтаваць абгрунтаванне выдзялення дадатковых сродкаў на рэалізацыю інвестыцыйнага праекта. 

Мадэрнізацыя ААТ «Камволь» ва ўмовах дзейнай вытворчасці ідзе на падставе ўказа прэзідэнта № 510 ад 14 лістапада 2013 года. Як праінфармавала прэм'ера кіраўніцтва прадпрыемства, па стане на 20 лістапада 2015 года на папаўненне абаротных сродкаў было выдаткавана 3,5 млн. рублёў крэдытнай лініі ААТ «ААБ «Беларусбанк». У межах праекта ўжо падпісаны кантракты і пастаўлена больш за 220 адзінак тэхналагічнага абсталявання на 46 млн. еўра. З пачатку рэалізацыі праекта на «Камволь» ужо паступіла больш як 170 адзінак абсталявання на 35,9 млн. еўра. 

Таксама кіраўнікі прадпрыемства паведамілі, што дэталёва прааналізавалі структуру запасаў гатовай прадукцыі на складах ААТ «Камволь» і распрацавалі план мерапрыемстваў па іх зніжэнні да канца года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?