У Гомелі затрымалі «варажбітку», якая падманам завалодала ювелірнымі ўпрыгожваннямі і грашыма даверлівай жанчыны.
Крымінальная справа датычыцца пакуль толькі аднаго крымінальнага эпізоду. Але ў Следчым камітэце мяркуюць, што маглі быць і іншыя падобныя выпадкі.
Візіт да адной з гамяльчанак махлярка ўпершыню нанесла 4 снежня, нібыта просячы міласціну. Госця прапанавала гаспадыні кватэры паваражыць і «зняць сурокі». Для гэтага ёй «часова» спатрэбіліся тры залатыя пярсцёнкі, камплект пасцельнай бялізны і пара махровых ручнікоў. Неўзабаве варажбітка наведалася зноў, каб паўтарыць працэдуру. На гэты раз яна сышла з залатым крыжыкам і ланцужком гаспадыні. Акрамя таго, махлярка пераканала сваю ахвяру купіць за 500 тысяч рублёў «загавораны» кавалак расліны.
Калі «кліентка» нарэшце зразумела, што яе падманулі, звярнулася ў міліцыю.
Махлярку завуць Рыта Іванаўна Карыцкая. Ёй 31 год.
Усіх, хто таксама пацярпеў ад дзеянняў «варажбіткі», просяць звярнуцца ў Следчы камітэт па тэлефонах: 8 (0232) 59-57-05, 8 (029) 383-81-12.