Мабільны аператар «МТС» атрымаў рашэнне Дзяржаўнай камісіі па радыёчастотах аб выкарыстанні стандарта UMTS-900 і зможа разгарнуць новую 3G-сетку ў дыяпазоне 900 МГц, каб пакрыць устойлівай сувяззю 3G сельскую мясцовасць і цяжкадаступныя памяшканні.За выдзяленне названых частот мабільны аператар заплаціць дзяржаве 8,7 млн. еўра.

Тэхналогія UMTS-900 дазваляе найбольш эфектыўна і хутка вырашаць пытанні пакрыцця сувяззю 3G сельскай мясцовасці, а таксама гарадоў са шчыльнай забудовай. Гэта магчыма за кошт нізкай частаты сігналу — яна забяспечвае большы радыус пакрыцця і лепшае пранікненне ўнутр будынкаў.

У «МТС» прызнаюць, што пытанне якаснага 3G у беларускай сельскай мясцовасці сёння стаіць асабліва востра, улічваючы, што попыт на хуткасны мабільны інтэрнэт расце не толькі ў гарадах, але і ў невялікіх населеных пунктах. З дапамогай стандарта UMTS-900 можна вырашыць гэтае пытанне і аператыўна давесці тэрыторыю пакрыцця 3G да ўзроўню 2G (на сёння гэта 98% тэрыторыі Беларусі), забяспечыўшы мабільным інтэрнэтам трэцяга пакалення ўсю краіну, у тым ліку месцы з невысокай шчыльнасцю насельніцтва.

Як тлумачаць спецыялісты, абсталяванне стандарта UMTS-900 мае значна большы радыус дзеяння ў параўнанні з базавымі станцыямі 3G, якія працуюць у дыяпазоне 2.100 МГц. Перавод існуючых базавых станцый на работу ў UMTS-900 дазваляе пакрываць упэўненай 3G-сувяззю не толькі вёскі і пасёлкі, але і аўтамабільныя трасы, хутары, сельскагаспадарчыя аб'екты і г.д. Акрамя гэтага, сігнал можа лепш распаўсюджвацца праз лясы і іншыя тыпы прыроднага ландшафту ў сувязі з меншым затуханнем.

Яшчэ адна сур'ёзная перавага UMTS-900 — эфектыўнае пранікненне сігналу ўнутр будынкаў, абумоўленае нізкай частатой. Гэта асабліва важна для гарадоў, дзе праходжанню радыёхваль перашкаджае шчыльная і высокая забудова. Перанастройка дзейных базавых станцый на UMTS-900 паляпшае пакрыццё 3G не толькі на гарадскіх вуліцах, але і ва ўсіх памяшканнях, уключаючы цяжкадаступныя.

Сёння 3G-сетка «МТС», якая працуе ў дыяпазоне 2.100 МГц, ахоплівае 100% гарадскога насельніцтва Беларусі. На сваёй сетцы «МТС» выкарыстоўвае тэхналогію DC-HSDPA.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?