За мінулы год на рынку адбыліся немалыя змены. Не разлічыўшы свае сілы, ліквідавалася «Родная старонка». Большасць крамаў сеткі сталі «Дабраномамі», але санкцыі з боку Міністэрства гандлю дапамаглі знікнуць і гэтаму брэнду. Прыпынялі працу і крамы «Март Іна». Для сетак, якія жывуць перадусім з вялікіх абаротаў, гэта можа быць смяротна.

Затое працягвае разрастацца «Еўраопт». За год сетка дадала каля 100 крамаў, сярод якіх і былыя «Родныя старонкі». Уласнікі кампаніі, бізнэсмены-эмігранты Сяргей Літвін і Уладзімір Васілька, стварылі надзвычай эфектыўную бізнэс-мадэль. У многіх рэгіёнах «Еўраопт» фактычна стаў манапалістам. Служба бясплатнай інтэрнэт-дастаўкі за год з’явілася ва ўсіх абласных цэнтрах, а цяпер разгортваецца ў райцэнтрах. І нават аўталаўкі, на стратнасць якіх наракала кіраўніцтва «Белкаапсаюза», аказалася паспяховым бізнэс-праектам.

Роўныя і розныя цэны

Выбар прадуктаў у нашым спажывецкім кошыку можа падацца дзіўным. Тут ні хлеба, ні малака са смятанай. Тлумачэнне простае: для параўнання цікавыя толькі тыя прадукты, цэны на якія адрозніваюцца ад сеткі да сеткі. Многія для эканоміі бяруць малако з мінімальнай тлустасцю — 1,5%. А ў кожнай наведанай краме яно прадаецца роўна за 6600 рублёў.

Альбо, напрыклад, глазіраваныя сыркі. Жыхары сталіцы найбольш упадабалі ванільныя сыркі ў зялёнай упакоўцы ад Мінскага малочнага завода №1— штодня іх выпускаецца каля 300 тысяч! Гэты прадукт ёсць, бадай, у кожнай краме, але цана вагаецца на ўзроўні 4100— 4400. Розніца непрынцыповая.

Затое гародніну і садавіну крамы найчасцей закупляюць у розных пастаўшчыкоў. Агуркі з памідорамі можна знайсці на любы густ — і беларускія, і турэцкія, і галандскія. Здараецца, цана адрозніваецца ў паўтара раза.

Цікава, на колькі цэннікі змяніліся за год. Бананы ў сярэднім каштуюць 20 тысяч рублёў. Для параўнання, летась цана складала 12—13 тысяч рублёў.

Як вылічвалі лідараў?

Якую методыку падлікаў мы абралі? Напрыклад, кілаграм памідораў у «Еўраопце» прадаец- ца за 35900 рублёў. Гэта найлепшая цана сярод канкурэнтаў, значыцца, крама атрымлівае максімальныя 10 балаў. Найдаражэй памідоры каштуюць у «Кароне» — можна знайсці толькі па 57900 рублёў за кілаграм. Гэтай краме налічваем 1 бал. Астатнія сеткі атрымліваюць прамежкавыя балы прапарцыйна розніцы ў цане.

Здараецца, што некаторыя крамы прынцыпова не прадаюць той ці іншы тавар. «Віталюр» не працуе з рыбай у вакуумнай упакоўцы ад «Санта-Брэмара», бо мае ўласную вытворчасць. У такім выпадку крамы атрымлівалі сярэднія пяць балаў.

Тройка найлепшых у нашым рэйтынгу ў параўнанні з мінулым годам не змянілася, толькі «Гіпа» і «Прастор» памяняліся месцамі. Самымі таннымі крамамі тым часам застаюцца «Еўраопты».

А вось «Карона» пацвердзіла імідж самай статуснай і дарагой сеткі.

***

Асноўныя гандлёвыя сеткі Беларусі

«Родны кут» (Белкаапсаюз) — тысячы крамаў, пераважна ў вёсках.

«Дарорс» (Белчыгунка) — 74 дробныя крамы Белчыгункі ў Мінску (агулам — больш за 120).

«Еўраопт» — 57 крамаў у Мінску (агулам — 394).

«Рублёўскі» — 51 крама ў Мінску (агулам — 67).

«Суседзі» — 30 крамаў у Мінску (агулам — 51) + 11 крамаў «Сцяжынка».

«Віталюр» — 34 крамы ў Мінску (агулам — 39).

«Белмаркет» — 29 крамаў у Мінску (агулам — 67).

«Гіпа» — 9 крамаў у Мінску (агулам — 12).

«Алмі» — 9 крамаў у Мінску (агулам — 41) + 8 крамаў «Закрама»

«Март Ін» — 6 крамаў у Мінску (агулам — 31).

«Прастор» — 5 гіпермаркетаў у Мінску.

«Карона» — 4 гіпермаркеты ў Мінску (агулам — 11).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?