Ігар Лосік са сваёй жонкай Дар'яй.

Ігар Лосік са сваёй жонкай Дар'яй.

Папулярныя ў моладзевым інтэрнэт-асяродку асобы — інтэрнэт-блогеры. Адзін з такіх баявых блогераў — гэта Ігар Лосік з Баранавіч, якога ў твітары чытае больш за 90 тысяч чалавек. 90 тысяч! Больш чым газету! Што гэта за чалавек?

Як кажа пра сябе 23-гадовы Ігар, ён самы звычайны хлопец, у якога бацькі інжынеры, а дзяды — сяляне.

«Дзяцінства прайшло звычайна: урокі прагульваў, гойсаў у двары, на лета ездзіў да бабулі пад Браслаў. Цяперака там мо нікога і няма ўжо, акрамя «алкаты». Таксама мой прапрапрадзед быў пісарам у Кацярыны II», — скупа расказвае пра сябе Беламова.

Хлопец адвучыўся на выкладчыка замежнай мовы ў БарДУ, там жа ў 20 гадоў знайшоў сабе жонку.

«Яшчэ да таго, як завесці твітар, я актыўнічаў у сацыяльных сетках, — прыгадвае Ігар. — Першы такі досвед скончыўся гутаркай з супрацоўнікамі КДБ. У 2011 годзе, калі ўсё кацілася ў тартарары, Дыянаў стварыў рух «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» і папрасіў усіх удзельнікаў прыдумаць, як без крыві змагацца з уладамі.

Я тады зрабіў прапанову: а што, калі мірна збірацца на галоўнай плошчы горада штосераду? Дыянаву ідэя спадабалася, ён зрабіў мяне адміністратарам суполак, і мы пачалі раскручваць задуму. У выніку людзей пачало шмат выходзіць, і ў міліцыі не было падставаў іх затрымліваць.

Калі ўжо пачалі выходзіць не толькі ў Мінску, а ў Баранавічах, Лепелі, Гродне, гэтым шчыльна заняліся ў КДБ. Вылічвалі адміністратараў суполак, прыходзілі дахаты, ціснулі. Вылічылі і мяне, я тады вучыўся на першым курсе, кінулі на стол усю маю перапіску «УКантакце», дзе я лайкі ставіў, дзе што каментаваў. Але яны не ведалі, што я быў аўтарам ідэі, таму толькі прыгразілі, што ў маіх бацькоў будуць праблемы на рабоце, а я сяду ў турму, калі не спынюся.

Так «абясшкодзілі» мяне, а потым і ўсіх астатніх. Бо планавалася, што на 3 Ліпеня будзе выступаць Лукашэнка, мы зробім анонс, выйдзе шмат людзей і яго асвішчуць, але мы да таго моманту не дацягнулі, пратэст зліўся».

Пасля Ігар яшчэ раз спрабаваў зрабіць штосьці «УКантакце» і стварыў суполку, дзе жартаваў пра беларускую палітыку. Але як толькі там набралася 4 тысячы падпісантаў, да хлопца зноў прыехалі з КДБ, але ўжо мінскага, і зноў «папрасілі» спыніцца, пагра-жаючы рэпрэсіямі.

Пасля гэтага, маўляў, Ігар і завёў твітар-акаўнт. Пра што пісаць — якраз пачалася «Балотная». «Я пісаў аб пратэстах у Маскве, посціў карцінкі з відэа, гэта заўважыў папулярны расійскі блогер Кашын і пачаў на мяне спасылацца. Потым я пажартаваў і стварыў фэйкавы акаўнт Саладухі, на што павяліся ўсе беларускія СМІ. Менавіта так я і раскруціўся», — кажа Беламова і дадае, што пік ягонай папулярнасці прыпаў на часы Майдану і пачатку вайны ва Украіне.

«Пісаў пра Майдан, але калі Расія акупавала Крым, то сапраўды спалохаўся, што такое ж можа адбыцца з Беларуссю», — прызнаецца Ігар і расказвае, як яго абурыла расійская прапаганда.

«Гэтыя гісторыі пра ўкрыжаваных хлопчыкаў, іншы плот з лебяды, ад якога шалеюць людзі… Я глядзеў расійскія каналы і афігеваў проста. Тады зразумеў, што ў нас павінна быць свая контрпрапаганда, альбо страцім мазгі моладзі. Пачаў вы- крываць расійскую хлусню, зрабіў мінулым летам падборку фэйкаў расійскай прапаганды, якая шырока разышлася па свеце — шмат СМІ перадрукавалі, нават замежных», — кажа Ігар і дадае, што лічыць сябе прапагандыстам здаровага сэнсу, які выкалачвае «савок» з галоваў людзей.

«Але пасля Украіны неўзабаве падышла нашая чарга — Расія заявіла, што размесціць тут базу. Людзі ж не разумеюць, што з гэтага пачынаюцца войны, таму мы з іншымі блогерамі падумалі і вырашлі запусціць у твітары хэштэг #norussianbaseinbelarus, каб данесці рызыку да ўсіх. Ну і што? Гэта пашыралася, з’явіліся тысячы допісаў з гэтым тэгам «УКантакце», у інстаграме, твітары, фэйсбуку.

А праз некалькі дзён Статкевіч зладзіў акцыю ў цэнтры Мінска, а яшчэ праз некалькі дзён Лукашэнка кажа, што гэтая база непатрэбная.

Я думаю, што мы тым самым далі яму козыр у рукі ў перамовах з Крамлём: маўляў, Валодзя, ну ты ж бачыш, людзі супраць»

А потым уся краіна падтрымала ястрамбельскіх кадэтаў, якія апранулі майкі з «Пагоняй». Беламова і тут пашыраў допісы з хэштэгам #ПагоняПобач у падтрымку хлопцаў.

«Джон Сільвер з 1863х.com першы напісаў пра кадэтаў, а я падтрымаў. І ў выніку ўсе ведаюць, што праз інфармацыйную хвалю тую вучэльню завалілі лістамі, сотні беларусаў фоткаліся ў майках з нашым нацыянальным гербам, і ніводнага з кадэтаў не выключылі», — кажа Ігар і працягвае далей пра сваіх калег.

«Увогуле, той жа Джон Сільвер — вялікая павага яму. Я бачыўся з ім асабіста і ведаю, што ён вельмі пацярпеў ад спецслужбаў, нават у псіхушцы давялося пасядзець. Цяпер ён жыве ў Кіеве, не салодка там яму. Антон Матолька таксама добры хлопец. Увогуле, я мяркую, што нашае грамадства само здольна нараджаць актыўных і крэатыўных людзей, якія не дадуць Беларусі знікнуць. Гляньце хаця б на «Арт-сядзібу». Гэтыя хлопцы за адзін год вярнулі моду на ўсё нацыянальнае. Я нават у Баранавічах летам бачыў моладзь у саколках з «Пагоняй», у вышыванках і з беларускімі стужкамі», — перакананы Ігар.

На сканчэнне хлопец дадае, што ў будучыні хоча быць журналістам і надалей працаваць для папулярызацыі беларушчыны. Але ён не русафоб, як многія кажуць. «Для мяне ўсе людзі добрыя, я толькі ідэі не прымаю. Мяне называюць русафобам, але я пуцінафоб, у мяне фобія пуцінізму. Я не прымаю тых, што не лічыць Беларусь за краіну, хто называе нас рускімі. Такіх людзей у Беларусі не шмат, і мой абавязак іх выправіць. Будучыня за патрыётамі Беларусі, бо старыя «саўкі» хутка сыдуць — іх ужо сам час не прымае і выкідае на ўзбочыну, як гэта відаць ва Украіне. Я ўпэўнены, што мы створым сапраўдную еўрапейскую краіну».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?