03.01.2016 / 14:19

Людзі года па версіі «Нашай Нівы»: дзякуючы ім нам запомніцца 2015 14

Чалавек года — Святлана Алексіевіч

Упершыню беларуска атрымала найбольш прэстыжную ўзнагароду ў літаратурным свеце — Нобелеўскую прэмію. Трыумфатаркай стала Святлана Алексіевіч. Яна не першы год фігуравала ў спісах прэтэндэнтаў. За гэтыя гады мы ўбачылі імклівую трансфармацыю Алексіевіч.

Як і многія, Святлана Алексіевіч адчувала сябе і рускай, і беларускай. Было цікава бачыць, як яна — як і многія — з гадамі стала адчуваць сябе найперш беларускай. І які гонар быў для ўсёй краіны — у нас з’явіўся свой Нобель! І як прыемна было чуць: «Я чалавек беларускага свету». Які ёмісты і нечаканы выраз знайшла вялікая пісьменніца на сваёй першай прэс-канферэнцыі: «Беларускі свет».

Першую прэс-канферэнцыю — для нас гэта асабліва ганарова — яна правяла ў маленькай рэдакцыі «Нашай Нівы». Мы цяпер усім паказваем жоўты фатэль, у якім сядзела Алексіевіч тады — увогуле то крэсла намесніка рэдактара Ягора Марціновіча.

Алексіевіч сказала, што лічыць сваімі настаўнікамі Адамовіча і Быкава, таму ў нейкай ступені гэтая прэмія і для іх таксама. Выратаванне для Беларусі яна бачыць у павяртанні ў бок Еўрасаюза, але не верыць, што Расія адпусціць нас. «Я б хацела, каб Беларусь была падобная калі не да Скандынавіі, гэта ўвогуле мара, то хаця б да Прыбалтыкі».

Вайну ва Украіне яна адкрыта называе расійскай агрэсіяй, акупацыяй. За гэта ёй і дасталося ў Расіі. Кожны тыдзень у тамтэйшых СМІ на яе выліваюць тоны бруду і паклёпаў. Алексіевіч на гэта адказвае, што гэтаксама шальмавалі Салжаніцына і Пастарнака. Шчасце, што, у адрозненне ад тых, не могуць яе дастаць цяпер — рукі кароткія.

Беларускім уладам хапіла розуму не канфрантаваць з пісьменніцай. Хоць Лукашэнка і не абышоўся без пары крытычных стрэлаў, яны абралі тактыку татальнага ігнаравання. Алексіевіч няма. Яе не сустракалі ў аэрапорце, не запрашалі на прыёмы. Нават дэвальваваным, на жаль, ордэнам Скарыны, які ўжо атрымлівалі і жук і жаба, не ўзнагародзілі. Ну што ж…

Далёка не кожная еўрапейская нацыя мае сваіх нобелеўскіх лаўрэатаў. Няма іх у балтыйскіх народаў, няма ва ўкраінцаў, балгараў, румынаў. Дзіўна, але ніводзін пісьменнік з Галандыі, Бразіліі ці Аргенціны Нобеля не атрымліваў, а Беларусь мае.

Затое простыя людзі адрэагавалі на Нобель Алексіевіч вельмі пазітыўна. Без усялякай разнарадкі зверху сотні людзей прыехалі сустрэць пісьменніцу ў аэрапорт, каб проста падарыць кветкі і сказаць дзякуй.

Кіраўнік года — Ангела Меркель

Чалавекам года нямецкую канцлерку назваў папулярны амерыканскі часопіс Time. У гэтым ашалелым (як нядаўна казаў Лукашэнка) свеце не многія лідары здольныя захоўваць цвярозасць думак і цвёрдасць у дзеяннях. Меркель была адной з тых, хто ўсяляк імкнуўся не дапусціць у свеце вялікай крыві і вайны. Яна не самаўхілялася ад вырашэння канфліктаў, гаварыла з усімі. Прыязджала нават у Мінск, каб спыніць вайну ва Украіне. Мабыць, міратворчыя дзеянні Меркель яшчэ будуць высока ацэненыя.

Сыход года — Аляксандр Надсан

У такіх выпадках прынята гаварыць, што чалавек пражыў доўгае і цікавае жыццё. Аляксандр Надсан прайшоў вайну, эміграцыю. Ён быў прадаўжальнікам справы святароў Льва Гарошкі і Чэслава Сіповіча. У той час, калі ў Савецкай Беларусі гэта і блізка было немагчыма, у Лондане паўстаў унікальны куток беларушчыны — з бібліятэкай, царквой, дамком. Апекуном усяго гэтага быў айцец Надсан. І ў замежжы, і ў Беларусі гэты чалавек з выдатным пачуццем гумару і выключнай вернасцю Бацькаўшчыне незаменны.

Вызвалены года — Мікалай Статкевіч

4,5 года ў зняволенні, але Статкевіч так і не зламаўся, не здаўся. Статкевіч не падпісаў прашэння аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Ён выйшаў на волю пераможцам, героем. Статкевіч застаецца ранейшым, не здраджвае сабе. Толькі за тыя паўгода, што ён на волі, вулічных акцый у Мінску прайшло болей, чым за ўвесь час ад Плошчы-2010. Мужнасці гэтаму чалавеку не бракуе.

Ахвяры года — Надзея Саўчанка і Барыс Нямцоў

Напрыканцы зімы ў Маскве забілі палітыка Барыса Нямцова. Забілі цынічна і нахабна, пад самымі сценамі Крамля. Але такое «супадзенне», што ў той дзень відэакамеры, якімі проста нашпігаваны той раён, «не дзейнічалі».

Нямцоў быў бязлітасным крытыкам пуцінскай Расіі. Ён не падладжваўся, не поўзаў, не з’язджаў з краіны. Нямцоў не меў вялікай папулярнасці, але ўсё адно раздражняў. Дзяржаўныя расійскія тэлеканалы выдумлялі самыя дурныя версіі забойства, але не агучылі той, якая круціцца ўва ўсіх на языку: што за гэтым могуць стаяць улады.

У дзень забойства Нямцова нягоднікі распаўсюджвалі чуткі, што ў турме памерла ўкраінская лётчыца Надзея Саўчанка. Фактычна гэтая 34-гадовая жанчына стала сімвалам супрацьстаяння Украіны і Расіі. У 2014 годзе яе ўзялі ў палон расійскія баевікі і незаконна вывезлі ў Расію. Саўчанка не прызнае сваёй віны, трымаецца свайго. Пятро Парашэнка надаў ёйзванне «Героя Украіны». Суд над Надзеяй працягваецца.

Святлана Алексіевіч назвала Саўчанку «ўкраінскай Жаннай д’Арк».

Аддаў жыццё за братоў — Алесь Чаркашын

2015 год прынёс першую ахвяру сярод беларусаў, якія паехалі ваяваць за Украіну. У жніўні не стала 33-гадовага берасцейца Алеся Чаркашына. Яму больш камфортна было трымаць у руках гітару, а не зброю. Аднак, калі пачалася вайна на ўсходзе Украіны, ён не змог заставацца абыякавым.

Пахавалі Алеся пад бел-чырвона-белым сцягам пад Брэстам, на развітанне прыйшлі сотні людзей, які праводзілі хлопца словамі: «Героі не ўміраюць».

Кандыдат года — Таццяна Караткевіч

Пакуль большасць апазіцыі выбары байкатавала, пратэставыя галасы сабрала нікому раней не вядомы псіхолаг Таццяна Караткевіч. Уладам патрэбен быў кандыдат ад апазіцыі, які б не заклікаў да вулічных пратэстаў, і ў асобе Караткевіч яны такога атрымалі. У выніку апазіцыйная супольнасць успрыняла Караткевіч насцярожана, а вось дзяржаўныя структуры, наадварот, хвалілі.

Караткевіч свядома адмовілася ад рэзкай крытыкі Лукашэнкі, як робяць Лябедзька ці Статкевіч. Стаўка яе і каманды была найперш на той электарат, які прынята называць «балотам» — тых, хто яшчэ не вызначыўся.

Калі меркаваць па тых участках, дзе падлік галасоў быў праведзены празрыста, можна меркаваць, што Караткевіч набірала 20—25% галасоў. Гэта дастаткова шмат. Наступныя гады пакажуць, ці зможа Караткевіч скарыстаць такую падтрымку, ці была кандыдатам-аднадзёнкай.

Клуб года — «Крумкачы»

Прыгожая гісторыя пра тое, як можна рэалізоўваць уласныя мары. Трое энтузіястаў-фанатаў сустрэліся на форуме і амаль па прыколе сказалі: давайце зробім футбольны клуб. Давайце. Назву прыдумалі прыгожую, беларускую — «Крумкачы». Не прайшло і двух гадоў, як гэтая каманда заваявала права гуляць у вышэйшай лізе. Стваральнік каманды Дзяніс Шунто патраціў на «Крумкачоў» 150 тысяч даляраў, пры гэтым не мае кватэры ў Мінску і ездзіць на матчы на тралейбусе. Такіх падзвіжнікаў нямнога ва ўсіх сферах. «Крумкачы» — гэта клуб, якому хочацца суперажываць.

Камісар года — Ігар Шуневіч

Парад на 9 Мая міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч прымаў у форме камісара рабоча-сялянскай міліцыі НКВД. І гэта ў 2015 годзе, калі большасць архіваў даўно адкрытыя, калі выйшлі сотні кніг пра злачынствы НКВД, у тым ліку пра мінскія Курапаты. Мякка кажучы, бяздумны ўчынак міністра.

Ражаныя года — казакі

Яны не маюць ніякага гістарычнага падмацавання сваёй дзейнасці на тэрыторыі Беларусі, але называюць сябе генераламі, атаманамі, вешаюць фальшывыя медалі і ордэны. Здавалася б, хай гуляюцца дарослыя мужыкі, чым бы ні цешыліся… Аднак гульні псеўдаказакоў часам выходзяць на новы небяспечны ўзровень.

«Наша Ніва» сёлета раскрыла, якую ідэалогію спрабуюць прышчапіць моладзі казацкія інструктары. Многія з іх не прызнаюць дзяржаўнасць Беларусі, а бачаць нашу краіну як частку Расіі. І такія вось «казакі» прыдумляюць трэніроўкі ў лясах са зброяй, набіваюцца ў сябры да сілавікоў. Здавалася б, прыклад Украіны мусіў нечаму навучыць.

Пасля публікацый «Нашай Нівы» самых безгаловых трохі патрэслі, і гэта добра.

Мужчыны года — навучэнцы Ястрамбельскага вучылішча

Чацвёра хлопцаў з Ястрамбельскага кадэцкага вучылішча сфоткаліся ў майках з «Пагоняй», якія яны носяць пад афіцыйнай формай. А фотаздымак выклалі ў інтэрнэт. Падняўся скандал, кадэтаў ледзь не выключылі з установы. Але магутная хваля салідарнасці ўсё ж не дала хлопцаў у крыўду. Нават Міністэрству адукацыі давялося апраўдвацца: не-не, мы нікога не выключаем. «Гэтыя хлопцы як зорачкі, што свецяць у цемры», — сказала пра сітуацыю Святлана Алексіевіч.

Годнасць года — Наталля Гарачка

Фота Сяргея Грыца

Назіральніца Наталля Гарачка не ўстала і не падала рукі Аляксандру Лукашэнку, калі той прыйшоў на ўчастак для галасавання. «Я паказала стаўленне да яго простых людзей», — сказала Гарачка «НН». Рэдкі па сваёй смеласці ўчынак у краіне, дзе крытыка галоўнага чыноўніка краіны перастала гучаць, а гэта вядзе да застою.

Дарадчыца года — Мар’яна Шчоткіна

Міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна параіла беларусам, якія не задаволеныя сваім дабрабытам, працаваць на дзвюх работах. «Мы паглядзелі, што амаль 93% беларусаў працуюць толькі на адной працы, а гэта і мужчыны. Але калі мама займаецца дома дзецьмі, дык хай тата «пакруціцца», — патлумачыла Шчоткіна. Праўда, не ўдакладніла, ці круціцца яна сама, ці робіць яе муж на дзвюх працах. Зрэшты, на свой дабрабыт міністр наўрад ці скардзіцца: сёлета яна дабудавала катэдж у Драздах.

Пасля, праўда, Шчоткіна стала браць свае словы назад.

Была яна, да слова, кіраўніком перадвыбарчага штаба Аляксандра Лукашэнкі.

Графіцісты года — Пякарскі, Жаромскі, Касінераў, Ульяненкаў

Чатырох хлопцаў людзі ў масках брутальна затрымалі за графіці «Беларусь мае быць беларускай». Аднаму — Вячаславу Касінераву — аж сківіцу зламалі. «Затрымлівалі нібыта нейкіх наркабаронаў», — дзяліўся Яраслаў Ульяненкаў. Месяц іх пратрымалі ў турме і толькі пад паляпшэнне адносін з ЕС вызвалілі пад падпіску. Справа ўсё яшчэ не закрытая і мае адбыцца суд.

Вяртанец года — Алесь Міхалевіч

Калі чалавек з’ехаў і пражыў некалькі гадоў за мяжой, яму цяжка вярнуцца назад. З палітычных прычын з’ехалі ўжо сотні чалавек, вярнуліся толькі дзясяткі.

Экс-кандыдат Алесь Міхалевіч з’ехаў у Чэхію пасля выбараў 2010. Перад гэтым ён агучыў звесткі пра катаванні ў турме КДБ, расказаў, што падпісаў дакумент аб супрацоўніцтве са спецслужбамі.

Чатыры гады Міхалевіч пражыў за мяжой, не пакідаючы надзеі вярнуцца. Для вяртання падабраў зручны час, калі на волю выйшлі ўсе палітвязні. Набіраць новых уладзе не было рэзону. Добры прыклад для іншых палітэмігрантаў. Бо наша краіна — Беларусь. Адна на ўсіх і назаўжды.

Велікадушнасць года — Дзмітрый Строцаў

Расейскамоўны беларускі пісьменнік Дзмітрый Строцаў сёлета выказаў прыгожую ідэю. Ён звярнуўся да расійскамоўных інтэлектуалаў краіны з прапановай да свядомага «самаўмалення» рускай культуры дзеля адраджэння беларускасці.

«Мы павінны дапамагчы тым расейскамоўным аўтарам Беларусі, якія яшчэ не зусім адарваліся ад каранёў, перайсці з рускай на беларускую. Гэта годна, гэта па-хрысціянску, гэта — кенозіс. Нельга скнарнічаць», — напісаў Строцаў. Заклік Строцава — гэта каштоўны маральны жэст, рэдкасны на планеце, дзе часцей адбываецца вайна культур.

Музыкі года — «Крамбамбуля»

Лявон Вольскі зноў на вышыні. Новы альбом «Крамбамбулі» «Чырвоны штраль» быў выдатна сустрэты як слухачамі, гэтак і экспертамі. Многія пачулі ў «Штралі» ноткі таго самага старога-добрага NRM з Лявонам. У Беларусі Вольскі па-ранейшаму не мае іншай пляцоўкі, апроч канцэртаў у падземных пераходах, таму вымушаны граць у Вільні. Вось хто-хто, а Лявон Вольскі з «Крамабамбуляй» дакладна сабралі б «Мінск-Арэну».

***

Людзі года «НН» у папярэднія гады

2005 — палітык Аляксандр Мілінкевіч

2006 — чалавек Плошчы

2007 — маладафронтавец

2008 — трэнер Віктар Ганчарэнка

2009 — Наталка Васілевіч і іншыя дабрачынцы

2010 — падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў

2011 — музыка Сяргей Міхалок

2012 — людзі, што вярнулі ў Беларусь Статут ВКЛ: Аляксей Бацюкоў, Зміцер Яцкевіч, Андрэй Радкоў

2013 — беларускамоўныя дзеці

2014 — Франак Вячорка і іншыя папулярызатары вышыванкі

Зміцер Панкавец

0
Пятро / Адказаць
31.12.2015 / 00:13
З кандыдатам года - нязгодзен! Ганьба года - так!
0
Міхась / Адказаць
31.12.2015 / 01:56
Тое што ў нас ёсць нобель - гэта канешне вельмі добра. Але ўсё ж я лічу, што чалавекам года меў быць Алесь Чаркашын.
0
Андруш / Адказаць
31.12.2015 / 08:19
Пятро, каму ты цікавы?
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру