31.12.2015 / 01:30

Андрусь Горват. Хахлуха. Апавяданне 13

У Шуры ёсць толькі сабака Палкан. Ён брэша на мяне здалёк, блізка падысці не асмельваецца.

— Палкан есці хоча, — кажу. — Ты б пакарміў яго.

— Маць яго дыхала! Няхай падохне! То паскудны сабака.

— Дзядзька Валодзя казаў, што Палкан ваўкоў ганяе.

— Срэцца ён, а не ганяе. Пшоў! Пшоў!

Мы ўвайшлі ў кухню. Гадоў дзесяць таму памерла Шурава матка, то ён увесь час жыве адзін.

— Колькі ў цябе пакояў?

— Мо то тры. Ат, не ведаю! Я ў хату не хаджу. Там халодна. Я тут жыву.

Кухня падобна на гараж майго брата. Я ссунуў з прыслона ворах смярдзючых анучак, сеў.

— Скідай. Халера яго бяры. То цётка не прыбрала.

Раз на месяц да Шуры з Аўцюкоў ходзіць цётка, прыбірае ягонае кубло. Але Шура не любіць той дзень, бо цётка сварыцца.

— Ат, паскуда, як мой Палкан. Толькі брэша. Укусіла б, дык забіў бы.

Шура дзьме ў шклянкі, каб вылецела смецце, працірае іх засаленай анучай.

— Зараз вып’ем. Гэта маё, сам гнаў. Недзе агурок быў. Не, дзядзька, я агуркі ў суботу з’еў, выбачай. На, хлебам занюхай.

Мне піць не хочацца. Але мушу хаця б выгляд рабіць, што п’ю, бо Шураў нораў добра ведаю. Мужык ён спакойны, а потым як храсне па галаве — і не паспееш з хаты выбегчы.

— Зламала мне ўсё жыццё тая хахлушка. Але нічога, жыву не горай за іншых. Хата е, рукі е, галава е.

Пра якую хахлушку ён гавора, я яшчэ не разумею, але ўжо здагадваюся, што сёння мы п’ём пад размовы пра жанчын.

На кухні цёмна. Адзінае невялічкае акенца выходзіць на поўнач. Лямпачка пад столлю свеціць цьмяна. Гнілое паветра становіцца цяжкім ад смуродных Шуравых цыгарэт. Але я сяджу і цярпліва трымаю ў руках шклянку. Шура выпівае мо то трэцюю.

— А-а-а, я табе ўжо наліў? — далівае толькі сабе.

Сядзім моўчкі. Цішыня становіцца невыноснай, але я не намагаюся яе парушыць. Шура доўга глядзіць на нож, што ляжыць на стале. Я думаю: вось скончыцца цішыня, скажу далікатна, што хачу пайсці да ветру. І вазьму з сабой заплечнік. Пакуль Шура дацяміць, што я збег, я буду ўжо ў Аўцюках, то не дагоніць. А мо і не дазнаецца, упадзе і засне.

— Сука! — ён раптам б’е па стале кулаком.

Я разумею, што пайсці да ветру — ужо не хітрык, а тэрміновая патрэба.

— Усё жыццё мне спаганіла! Чаго прысунулася? Заб’ю, сука!

У нашай размове настае той момант, калі дыялог узнікае паміж Шурам і ягоным нябачным суразмоўцам. А я станаўлюся выпадковым сведкам, які мае шанец за подслух быць пабітым. І сеў жа так нязручна — Шуру ніяк не абмінуць, калі раптам давядзецца бегчы.

— Заб’ю, хахлуха!

Алеся — ніякая не хахлуха. Яна з аўцюкоўскіх дзевак. Калі Шура ў войска пайшоў служыць, яна выскачыла за ўкраінца і з’ехала да яго пад Чарнігаў. Шура вярнуўся і забыўся, што такая была. Пачаў ездзіць на трактары, да дзевак чапляцца. Калі халодна, то ў качагарку іх вадзіў, а калі цёпленька, то ў хвойнічак. Рукамі ўмеў не толькі аўцючак мацаць, мог з трактара зрабіць верталёт і паляцець на ім. То ягоная матка — тады яшчэ жывая была — не сумнявалася, што сына некалі ўчэпіць самая спрытная аўцючка і не адчэпіцца ад яго. То будзе лад, як ва ўсіх. Усе хлопцы так — гуляюць, гуляюць, а потым:

— Матко, рэж кабанчыка, бо я жанюся.

— Жаніся, сынку, дай вам Божанька шчасцейка ды дзетак здаровенькіх. Ды каб сонейка ў вашыя вокны пазірала.

А пакуль учэпістая аўцючка не патрапілася, Шура гуляў, колькі хацелася маладому целу.

Але вярнулася ў вёску тая Алеся. Гадоў мо шэсць ці сем яе не было. А тут прыехала з чамаданам да сваіх бацькоў. Быццам бы муж прагнаў яе з хаты. А людзі не дурныя былі, вушастыя, то і дачуліся, што мужык ейны памёр.

Шура на трактары ехаў, а тут Алеся шлях пераходзіла. Зірнула на яго — Шура і зніякавеў.

Матка вечарам баршчу наліла, хлопец есці не стаў. Ранкам памыўся і паехаў да Алесі. Стаў ля хаты, дзе яна жыла. Хвілінаў праз пятнаццаць Алеся выйшла, ізноў зірнула на яго.

— Ты, Шура, мо хочаш мяне на сваім трактары пакатаць? То ў мяне спадніца непрыгожая. А трактар у цябе — вунь які прыгожы.

Шура згубіўся ды моўчкі з’ехаў.

З тых часоў яго бы падмянілі. Перастаў вадзіць дзевак у хвойнік. Пасля працы ехаў дадому. Стаў маўчаць ды нешта сабе думаць.

З’явіўся ў Шуры сакрэт. За хлявом пад навесам ён выразаў з вялікай калоды Алесін бюст. Калі той быў амаль гатовы, суседскія хлапчукі ўгледзелі ды пусцілі плётку па вёсцы: Шура закахаўся ў Алеську і хоча ёй помнік з фантанам паставіць пасярод двара. Ён так раззлаваўся ў той дзень, што сякерай раздроб бюст і спаліў.

А аднойчы моцна напіўся, прыйшоў да Алесінага акна, каб прызнацца ва ўсім, але не хапіла смеласці — і Шура заплакаў. А яна неяк угледзела тое і назаўтра пасмяялася з яго:

— Ты, Шура, калі яшчэ плакаць захочаш, то прыходзь. Толькі не пад вокнамі плач. А ў агародзе, бо памідоры сохнуць.

Шура стаў піць часцей. Матка глядзела-глядзела на яго хваробу, ды не вытрывала — памерла. А Алеся доўга ў вёсцы не ўседзела, пайшла на нейкія курсы і з’ехала ў Каленкавічы.

Я глядзеў на сваю пустую шклянку і думаў, што ўжо не баюся Шуру. Ужо не страшны ён. Не можа быць страшным чалавек, які носіць пад сэрцам боль.

— Я табе пакажу яе.

Шура падняўся з табурэта, але не ўстаяў і ўпаў. Я дапамог яму падняцца.

— Нармальна, нармальна, дзядзька. Я шчэ не п’яны.

Ён пакорпаўся ў анучах на печы і дастаў адтуль невялікую фотакартку. З яе паглядала маладая ўсмешлівая дзяўчына.

— Во, глядзі якая паскуда.

— Прыгожая.

— Х*ёжая! То паскуда!

— Я і бачу, што ты спіш з ёю на адной печы.

— Ты, дзядзька, мусіць, даўно аўцюкоўскага кулака блізка не бачыў? То я пакажу табе.

Не, не можа быць страшным чалавек, які носіць пад сэрцам боль.

Заначаваў я ў дзядзькі Валодзі. Ноччу сасніў Алесю. Мы елі памідоры ў агародзе, а Шура стаяў там нібы пудзіла і плакаў.

Зранку пайшоў я на аўтобусны прыпынак. Палкан здалёк пачаў прыветліва брахаць на мяне. Шура неспакойна мераў крокамі даўжыню бардзюра. Ён быў памыты і паголены. Пах адэкалона перабіваў пах хвояў у лесе.

Мяне Шура не пазнаў, бо быў цвярозы, але падобны на брагу: нешта ўнутры яго бурліла, не давала стаяць на адным месцы.

Бы чужыя адзін аднаму, мы моўчкі ўглядаліся ў сіні плот, скуль мусіў павярнуць аўтобус на Каленкавічы.

0
Мікола / Ответить
30.12.2015 / 09:13
выдатнае апавяданне, але жыць так - жах 8-)
0
Андруш / Ответить
30.12.2015 / 09:56
добра
0
Санька Конь / Ответить
30.12.2015 / 11:13
Цiкава пiша,чакаю працяг!
Показать все комментарии/ 13 /
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера