Удзельнікі падзеяў прыгадалі, як КДБ спачатку ня ўгледзела ў прыхільніках беларускай незалежнасьці нешта большае за панкаў.

Увечары 22 сьнежня ў кнігарні «Галіяфы», што ў Траецкім прадмесьці Менску, прайшла вечарына і выстава здымкаў Уладзіміра Сапагова, прымеркаваная да 30-годзьдзя моладзевага аб’яднаньня «Талака».

1980-я гады, калі ўзьнікла «Талака», называе шматспадзеўнымі гадамі вядоўца імпрэзы, пісьменьнік Міхась Скобла. Саму «Талаку» ён называе «школай нацыянальнага сталеньня»:

Міхась Скобла

«Калі я сышоў у войска ў 1985 годзе, у Менску было адноснае зацішша, а калі вярнуўся праз два гады, тут ужо віравалі розныя імпрэзы, «талакоўскія» і «тутэйшаўскія». Я памятаю, што калі Купальле ў Заслаўі — то гэта «Талака», калі аднаўленьне бэрнардынскага кляштару, калі Дзьвінскае ралі супраць будаўніцтва ГРЭС — гэта таксама «Талака», вельмі шмат недазволеных акцыяў. І абавязкова на чале розных мерапрыемстваў былі актывісты «Талакі», найперш Сяржук Вітушка, якому сёлета споўнілася б 50 год, але якога тры гады ўжо няма з намі».

Падчас імпрэзы. Кася Камоцкая (справа) і Сяргей Скурат

«Я ня ведаю, каму прыйшла ў галаву шчасьлівая думка назваць арганізацыю «Талака», але гэта вельмі ўдалая назва. Бо што такое талака? — Гэта рабіць нешта супольна, — згадвае Скобла. — Гэткія талокі датрывалі ў Заходняй Беларусі дагэтуль. У нас на Зэльвеншчыне і калі хату будуюць, і калі калодзеж капаюць, склікаюць талокі. Калі ўзяць беларускі фальклёр, то пра гэтую калектыўную працу сказана шмат добрых словаў. Напрыклад, адна галавешка ў печы не гарыць, а дзьве і ў полі ня гаснуць. Так гарэла і «Талака», яна далучала ў сваё вогнішча новых сяброў, ад іх запальваліся іншыя, беларускі маладзёвы рух пашыраўся».

Міхась Скобла і іншыя госьці згадвалі пачатак беларускага самвыдату 80-х, папярэдніцу «Талакі» — «Майстроўню», паплечнікаў «Тутэйшых» і наступныя «Талокі», «Узгор’і», «Паходні» і многія іншыя суполкі, што ўзьнікалі па ўсёй Беларусі. Адна такая суполка, гомельская ГМКГА «Талака», дзейнічае і сёньня. Адзін з заснавальнікаў «Талакі» Вінцук Вячорка прапанаваў ладзіць «парад 30-годзьдзяў» у памяць аб нацыянальным адраджэньні 80-х:

Вінцук Вячорка

«Цяпер кожны год будзе чарговае 30-годзьдзе нечага: удалай акцыі ў абарону Дзьвіны супраць ГРЭС, няўдалай акцыі супраць пракладаньня мэтро проста пад Верхнім горадам, што ўжо прывяло да разбурэньня і прывядзе да яшчэ большага разбурэньня будынкаў. Будуць 30-я ўгодкі стварэньня Канфэдэрацыі беларускіх суполак, абсалютна фантастычнай і дагэтуль неацэненай.

Мы ўсе памятаем спокліч «Талакі», які прыдумаў Вітушка: «Дзе пачую талаку, туды ногі валаку». Гэта быў мабілізацыйны спокліч, а каштоўнасны спокліч — «Каго любіш — люблю Беларусь» Каліноўскага ў першы пэрыяд дзейнасьці, да 87-га, а ў наступны — «Жыве Беларусь». Гэты спокліч вернуты ў беларускую прастору «Талакой», таксама як вернуты бел-чырвона-белы сьцяг. Першая публічная лекцыя, прысьвечаная бел-чырвона-беламу сьцягу, была якраз у «Талацэ» ў 1987 годзе, у залі, дзе цяпер Тэатар эстрады. Можа, калі-небудзь там будзе памятная шыльда са сьцягам.

Скульптар Гэнік Лойка бачыць сябе на фатаздымку

Ня ўсё нам тады ўдалося, але ўдалося болей, чым не ўдалося. Пытаюць, як удалося пры камунізьме, у самай «дубовай», «зацэмэнтаванай» так званай рэспубліцы Савецкага саюзу так вось дзейнічаць і паступова вярнуць беларускую ідэю, зрабіць яе моднай і прэстыжнай, заразіць ёй спачатку тысячы, потым дзясяткі і сотні тысяч людзей. Па-першае, канкурэнцыі той ідэі не было. А па-другое, тактычна прамахнулася тагачасная ўлада: нас называлі «нефармаламі». Даводзілася чытаць сацыялягічныя дасьледаваньні: яны дасьледавалі разам аматараў матацыклаў, нацыяналістаў, аматараў поп-музыкі, якія зваліся тады «валністы», турыстаў, аматараў бардаўскай песьні… Вывучалі вонкавыя прыкметы, адносіны з бацькамі і пазашлюбныя адносіны, але не зразумелі, што ёсьць зародак новай Беларусі, у якой месца іхным камсамолам-камунізмам няма і ня будзе.

Наступныя суполкі, як і «Талака», і канфэдэрацыя, карысталіся мадэльлю кіраваньня, якую мы адпрацавалі яшчэ ў «Майстроўні». Яны былі гарызантальныя, сеткавыя, ячэйкавыя, бяз выбраных кіраўнікоў, бяз статусных лідэраў. А гэта значыць, без магчымасьці для спэцслужбаў сеяць інтрыгі, гуляць на чалавечых слабасьцях. За нешта бярэсься — бярыся, рабі, каардынуеш нейкі кірунак — цягні».

Многія госьці сустрэчы знайшлі сябе на здымках Сапагова — а нехта знайшоў сваіх бацькоў. Гэтыя здымкі ўратаваў сябра фатографа Міхаіл Мякіш, нэгатывы і пазытывы гістарычных здымкаў яму перадала камэндантка інтэрнату Трактарнага заводу, дзе да канца жыцьця жыў Уладзімер Сапагоў. Стваральнікі выставы перадалі шэраг здымкаў сайту Свабоды.

Фотавыстава ў «Галіяфах» будзе працаваць да канца году.

Фота з выставы. Дзяды ў Курапатах:

Фільм телеканалу «Белсат» пра моладзевае аб'яднаньне «Талака», рэжысэр — Вячаслаў Ракіцкі:

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?