У наступным годзе ліміт знешняга дзярждоўгу Беларусі складзе 17 млрд. долараў. Гэта прадугледжана законапраектам аб рэспубліканскім бюджэце на 2016 год, які апублікаваў Мінфін.

Паводле праекта закона, прынятага парламентам на мінулым тыдні, ліміт унутранага дзяржаўнага доўгу ўстаноўлены на 2016 год у 115 трлн. рублёў. Ліміт унутранага доўгу, гарантаванага ўрадам, складзе 66 трлн. рублёў. 

Ліміт знешняга дзярждоўгу Беларусі прадугледжаны ў 17 млрд. долараў, у той час як ліміт знешняга доўгу, гарантаванага ўрадам, — 3,5 млрд. долараў. 

Калі фактычныя памеры ўнутранага і (ці) знешняга даўгоў, гарантаваных урадам, будуць перавышаныя над зацверджанымі лімітамі, «рашэнні аб даванні новых гарантый не прымаюцца», адзначаецца ў законапраекце. 

Варта заўважыць, што прыняты парламентам законапраект аб бюджэце яшчэ павінен прайсці стадыю зацвярджэння прэзідэнтам. 

Паводле звестак Міністэрства фінансаў, унутраны дзярждоўг Беларусі на 1 лістапада 2015 года склаў 80,1 трлн. рублёў і павялічыўся з пачатку года на 31,7 трлн. рублёў. Знешні дзярждоўг на гэты ж перыяд склаў 12,5 млрд. долараў, зменшыўшыся з пачатку года на 90,5 млн. долараў. 

Беларускія ўлады вядуць перамовы аб атрыманні двух буйных запазычанняў — крэдытаў Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця на 2 млрд. долараў і Міжнароднага валютнага фонду на 3 млрд. долараў. Акрамя таго, у 2016 годзе ўрад плануе размясціць новы выпуск еўрабондаў і за кошт гэтага прыцягнуць яшчэ 1 млрд. долараў. 

Частку новых запазычанняў улады плануюць накіраваць на рэфінансаванне старых даўгоў. Плацяжы па абслугоўванні і пагашэнні знешняга дзярждоўгу, якія неабходна ажыццявіць у 2016 годзе, Мінфін ацэньвае ў 3,3 млрд. долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?