Падчас вясенне‑летняй прызыўной кампаніі на тэрміновую службу ва Узброеныя сілы, іншыя войскі і воінскія фарміраванні плануецца прызваць прыкладна 10 тысяч беларускіх грамадзян, на службу ў рэзерве — тры тысячы. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў прэс‑службе Міністэрства абароны.

Нагадаем, указ № 191 «Аб звальненні ў запас вайскоўцаў тэрміновай ваеннай службы і рэзервістаў, якія выслужылі ўстаноўленыя тэрміны ваеннай службы па прызыве, службы ў рэзерве, і прызыве грамадзян на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве ў красавіку—верасні 2008 г.» быў падпісаны прэзідэнтам 31 сакавіка.

У адпаведнасці з дакументам маладое папаўненне павінна быць накіравана на ўкамплектаванне злучэнняў і часцей Узброеных сіл, транспартных войскаў, унутраных войскаў МУС, органаў пагранічнай службы да 30 верасня.

Асаблівы від службы — служба ў рэзерве — рэалізуецца ў Беларусі з 2004 года, тады былі прызваныя першыя 820 рэзервістаў. У наступныя тры гады прызываліся прыкладна па тры тысячы чалавек. Упершыню большасць з іх сталі навучацца і праходзіць службу ў складзе падраздзяленняў — узводаў, рот. На 37‑й базе захоўвання ўзбраення і тэхнікі (Полацк, Віцебская вобласць) сфарміраваны цэлы механізаваны батальён. Раней навучанне рэзервістаў арганізоўвалася ў складзе навучальных груп па 20—30 чалавек.

На службу ў рэзерве прызываюцца, як правіла, тыя юнакі, якія ўяўляюць цікавасць для дзяржавы ў сферы навукі, культуры, мастацтва, спорту, высокакваліфікаваныя рабочыя, спецыялісты, занятыя ў сельскай гаспадарцы.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0