24.12.2015 / 23:42

ЕС/ПРААН выдаткаваў $18 тысяч на стварэнне міні-копіі ВКЛ 16

Фонд «Краіна замкаў» стварае ландшафтны парк з паменшанымі копіямі замкаў Вялікага Княства. Парк размесціцца на двух з паловай гектарах зямлі ў Ашмянскім раёне, на базе аграсядзібы «Шляхецкая ваколіца» каля вёскі Гальшаны.

Ажыццявіць праект дапамагае Еўрапейскі Саюз. У межах праграмы ЕС «Судзеянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», якую рэалізуе ў Беларусі ПРААН, на стварэнне парка выдаткавана 18 тысяч даляраў. Яшчэ каля 7 тысяч стваральнікам давядзецца дакласці.

Да жніўня 2016, паводле ўмоваў праекта, парк мусіць прыняць наведнікаў. Для пачатку ў ім зробяць копіі 10 замкаў. Сярод іх — Мір, Навагрудак, Гродна, Гальшаны, Ліда, Крэва. Але будуць не толькі тыя, што на тэрыторыі Беларусі: гісторыю ВКЛ немагчыма ўявіць без Вільні і Трокаў.

«Замкі зробяць у маштабе 1:25, — кажа кіраўнік фонда «Краіна замкаў» Алесь Варыкіш. – Гэта значыць, што вежы Мірскага замка будуць мець вышыню 1, 4 метра». Стварэннем макетаў займаюцца два архітэктары. За аснову яны бяруць выявы замкаў, што захаваліся, але там, дзе планаў і рэканструкцый няма, давядзецца ўжыць фантазію, адзначае сп.Варыкіш. Замкі будуць вырабленыя з пластыку, каб іх можна было размяшчаць пад адкрытым небам.

Алесь Варыкіш бачыць парк як месца для шпацыраў і адпачынку. Між замкамі будуць альтанкі, дарожкі, кветкі.

Парк «Краіна замкаў» кладзецца ў папулярны турыстычны маршрут Крэва—Баруны—Гальшаны. «Людзі пабываюць каля руінаў Гальшанскага, Крэўскага замкаў, а пасля прыедуць да нас, каб пабачыць, як гэтыя аб’екты выглядалі, калі былі цэлымі. Можа, гэта падштурхне чыноўнікаў больш актыўна займацца нашымі самымі праблемнымі замкамі ў Крэве і Гальшанах», — адзначае Алесь Варыкіш.

СМ

0
Рональд / Адказаць
24.12.2015 / 23:48
клас, малайцы!
0
123 / Адказаць
25.12.2015 / 00:00
супер, у нас на районе)
0
МакДональд / Адказаць
25.12.2015 / 00:19
Малайцы, кляс!
Паказаць усе каментары/ 16 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру