Савет Федэрацыі Расіі 25 снежня ўхваліў закон, які вызваляе грамадзян Беларусі ад здачы экзаменаў па рускай мове, гісторыі і асновах заканадаўства Расіі пры атрыманні дазволу на часовае пражыванне або віду на жыхарства ў РФ.

«Прыняцце федэральнага закона будзе садзейнічаць далейшаму развіццю інтэграцыйных працэсаў на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы і ўмацаванню дзяржаўнага саюза Расіі і Беларусі ў цэлым», — цытуе ТАСС суправаджальныя дакументы да закона.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, выступаючы 15 снежня пасля перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам, заявіў аб рашэнні не распаўсюджваць на грамадзян Беларусі палажэнні аб веданні рускай мовы, расійскай гісторыі, а таксама заканадаўства РФ пры атрыманні дазволу на часовае пражыванне ў РФ.

«З 1 студзеня гэтага года замежныя грамадзяне, якія жадаюць жыць і працаваць у Расіі, павінны пацвердзіць валоданне рускай мовай, веданне расійскай гісторыі і асноў заканадаўства. Разам з тым, улічваючы асаблівы характар расійска-беларускіх сувязей, мы прынялі прынцыповае рашэнне не распаўсюджваць дзеянне гэтых норм на грамадзян Беларусі», — сказаў Пуцін.

Лукашэнка падзякаваў Пуціну за прынятае рашэнне не экзаменаваць беларусаў. «Таму што руская мова — гэта наша родная мова… Добра, што Вы гэта ўлічылі і не паставілі нас у нязручнае становішча, каб мы даказвалі веданне рускай мовы», — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?