На Божае Нараджэнне я паехаў у Менск. Апошнія гады я святкую Раство ў сталіцы, дзе многа сяброў, дзе ёсць да каго прыйсці ў госці, дзе не будзе бракаваць сяброўскай цеплыні.

Настрой зусім не калядны і не новагодні. Снегу няма. Прыгадваю

— чытаў на старонках старых газет — што гэткія самыя бяссежныя Каляды былі ў 1935 годзе. А ў лютым ударылі такія маразы, што сталі замярзаць рухавікі ў дызель-цягніках, якія той зімой першы раз пусцілі з Вільні на Глыбокае.

Польская чыгунка тады адмяніла цягнікі. Кажуць, што цяпер клімат мяняецца — але і даўней усякае было.

Але цешыць памяць пра тую падзею, што святкуем 25 снежня. Бог так моцна палюбіў чалавека, што… Сам стаў чалавекам, каб чалавека, згубленага ў сваіх грахах, нянавісці, смутку і горычы, знайсці і ўратаваць. Самая вялікая радасць у жыцці — памятаць, які ты блізкі і які каштоўны для Усёмагутнага Бога.

Прыехаў, прабегся па аптэках — па лекі, ды па крамах і шапіках — за падарункамі і прысмакамі для сяброў.

Пайшоў начаваць, як звычайна, да Барыса і Надзеі — сям’і, якая вызнае евангельскую веру і беларускую ідэю.

Міла бачыць дзетак іх — трохгадовага Вітаўта і двухгадовую Караліну.

Бегаюць, скачуць, гуляюць, смяюцца. «Караліна, пакажы, дзе гадзіннік». — «Во гадзіннік». — «А дзе жук?» — «Ты жук!» — «А хто вусень?» — гэта пяшчотныя сямейныя абзывалкі. Па-беларуску размаўляюць і дзеці і бацькі.

На менскай вуліцы, як на вясковай — як выйдзеш, абавязкова сустрэнеш знаёмага.

На Незалежнасці спатыкаю Змітра, грамадскага актывіста і пратэстанцкага верніка. Слова за слова, пачынаецца тэалагічны дыспут, і даводзіцца выцягваць — не, не меч — Біблію. Цытую шосты раздзел Евангелля паводле Яна, дзе Ісус кажа, што дае Сваё Цела і Кроў на спажытак вернікам. Я разумею гэта літаральна — што падчас Літургіі мы прымаем Цела і Кроў Хрыста, а Зміцер кажа, што гэта метафара, якую належыць успрымаць у пераносным сэнсе. Сканчваем тым, што віншуем адзін аднаго з Раством і разыходзімся.

Надзея ад самага ранку рыхтуецца да каляднай вячэры. Дома ў іх збярэцца суполка вернікаў-пратэстантаў, пятнаццаць чалавек — трэба нагатаваць святочных страваў на ўсіх. Мне дужа хацелася пабыць з гэтымі светлымі людзьмі, з якімі сустракаў Раство ў мінулыя гады.

Але тады засталася б адна мая сяброўка Люда, якая ляжыць у шпіталі. Выбар цяжкі, але ж Хрыстос ішоў да тых, хто пакутуе, і я, хрысціянін, мушу ісці. Люда просіць, каб прывёз аплаткаў і селядцоў, дык забягаю па дарозе ў касцёл і ў краму.

Затор на дарозе катастрафічны. Два прыпынкі аўтобус ездзе дваццаць хвілін.

Сустракаемся ў кавярні, побач са шпіталём. Замаўляем ежы, ламаемся аплаткамі, размаўляем. Якая-ніякая, але калядная вячэра. Касцёла паблізу няма, заходзім памаліцца ў праваслаўную царкву. Часта бываю тут, люблю гэты храм — велічны, упрыгожаны мазаікай, дзе сустрэнеш людзей рознага веку са светлымі тварамі, а манашкі анёльскімі галасамі спяваюць псальмы.

Мова малітваў — царкоўнаславянская — прыгожая, але цяжкая да разумення простаму чалавеку.

Хвілін дваццаць моўчкі размаўляю з Богам, раз-пораз падымаю галаву, каб убачыць пад скляпеннем выяву Хрыста Збаўцы ў атачэнні анёлаў.

Бягом да прыпынку, паспяваю заскочыць у аўтобус. Менш чым праз гадзіну пачнецца імша Вігіліі Божага Нараджэння

ў Чырвоным касцёле. Поўна людзей, далёка ўнутр не пройдзеш. Спыняюся ў канцы, каля шапікаў з рознай касцёльнай атрыбутыкай. Маліцца тут цяжкавата. Алтар не бачны за спінамі, а людзі снуюць туды-сюды.

Затое сустракаю некалькіх знаёмых — вітаемся, віншуем адзін аднаго.

На Каляды 2015-га няма снегу.

На Каляды 2015-га няма снегу.

Калі святары пачынаюць раздаваць Камунію, людзі валам валяць на двор. Многа такіх прыходзяць у касцёл два разы на год — калі яйкі свенцяць і калі гірлянды на ёлках свецяць.

Прыйшлі на свята Хрыстовага Нараджэння, а сустрэчы з Хрыстом, які не толькі стаў Чалавекам, але і стаў Хлебам, каб быць блізка да людзей — пазбягаюць. Шкада іх мне, але Хрысту іх болей шкада.

Перад уваходамі ў храм стаяць міліцыянты. Прычапіліся да мяне, праверылі, што ў заплечніку. Добра, хоць паводзяць сябе карэктна. Але навошта яны тут? З Ісламскай дзяржавай мы не ваюем, вернікаў ніхто не расстрэльвае і не падрывае.

Гэта ў Нігерыі, Іраку, Сірыі сёння людзі збіраюцца на набажэнствы і разумеюць, што іх могуць забіць…

Пасля Імшы да міліцыянтаў падыходзяць дзяўчаты, з усмешкай прапануюць калядныя аплаткі. Тыя адмаўляюцца. «Мы на службе…» Дзівацтва нейкае, дый толькі.

Спускаюся ў капліцу ў сутарэнні касцёла, каб хвілін дзесяць памаліцца ў цішыні і самоце. Пасля выходжу, праз падзямеллі метро дабіраюся да кватэры, ключы ад якой пакінулі мне сябры, а самі паехалі да сваякоў у вёску. Тэлефануе сяброўка Волечка: «Жадаю табе, Кастусю, радасці, супакою і каб знайшоў добрую жонку». Люблю такія простыя віншаванні, якія з глыбіні добрага сэрца паходзяць.

Гляджу праз акно на агні горада. Сям-там у дварах выбухаюць фейерверкі. Са святам, сябры! Са святам, менчукі!

Са святам, беларусы! Бог прыйшоў на зямлю шукаць чалавека. Дык не хавайцеся! Дазвольце Богу знайсці вас. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?