29.12.2015 / 14:25

Сапраўдныя культурныя вынікі 2015-га ад Віктара Марціновіча 8

Красуй, Беларусь!

Я мушу павініцца. Увесь мінулы год я расказваў вам пра неістотнае. Пра кніжкі, якія ніхто не чытае. Пра мастакоў, якіх ніхто не ведае. Пра праблемы, якія турбуюць вузкую праслойку інтэлектуалаў – то бок тых, каму і слова тут ніхто не даваў.

Увесь гэты час Беларусь жыла насычаным і захапляльным жыццём.

Выходзіў фільм пра ген, які штурхае чалавека на шлях нянавісці, здрады і плошчы. Прыязджаў Жэрар Дэпард’ё, і ў краіне назаўсёды застаўся фрагмент тэрыторыі, скошанай легендарным французам. Гаварыла і паказвала Беларускае тэлебачанне. Усё гэта заставалася незаўважным для майго аслепленага танным элітызмам зроку.

Болей за тое, я смяяўся з таго, што цешыла сэрца народнае, у той час як сэрца народнае было шчаслівым. Сёння я выпраўлю памылку. Сёння я раскажу пра рэчы, якія ў 2015-м складалі тканіну культуры гасціннай краіны, у якой мы жывем.

Такім чынам, галоўнае і сапраўднае.

Канцэрт Аляксандра Саладухі ў клубе «Графіці»

 

Усім, хто больш-менш сочыць за музычным жыццём, зразумела, што наступную Нобелеўскую прэмію Беларусь атрымае ў галіне музыкі, і лаўрэатам будзе Ён. Пэўнае ўяўленне пра Яго веліч можна атрымаць, чытаючы Ягоны інтэрнэт-сайт. Там ёсць пра ўсё. Пра тое, як у сакавіку 2014-га «да ног» «караля беларускай эстрады» «пала» Мінск-Арэна. Пра «феерычную кананаду клубных выступаў мэтра». Пра конкурс песні на «Еўрабачанне-2016» для Саладухі (я ўжо пішу, пакуль прыдумаў прыпеў: «Ты моя самая»).

Дык вось. Гэты Чалавек пайшоў значна далей за Барыса Грабеншчыкова, які напярэдадні свайго мінскага канцэрта сціпленька праспяваў у пераходзе. Гэты Чалавек перайшоў усе межы. Закапаў акопы. Залез у лагавішчы. І, што галоўнае, вылез з іх жывы і непадрапаны!

Дадзім слова сайту Soloduha.by, бо мы так усё роўна не скажам: «За сваю працяглую эстрадную кар’еру Аляксандр паспеў выступіць на ўсіх магчымых пляцоўках нашай краіны… Аднак калі сур’ёўна задумацца, прыходзіць разуменне таго, што канцэрт у маленькім клубе «Графіці» ў творчасці галоўнай поп-зоркі Беларусі з’яўляецца па-сапраўднаму знакавым. Сярод гаражоў і прамысловых будынкаў клуб, які з цяжкасцю можа ўмясціць у свае размаляваныя сцены (так і напісана, «умясціць у сцены»!) сотню чалавек – месца самае што ні на ёсць андэграўнднае, а яго наведнікі ў асноўным маладыя аматары рок-музыкі… У такіх нефарматных для сябе абставінах, вочы ў вочы з моладдзю, якая вырасла пад гукі ягоных хітоў, Аляксандр Саладуха аказаўся, бадай, упершыню. І, трэба сказаць, бліскуча справіўся з гэтым выпрабаваннем».

Тым, хто яшчэ не адчуў веліч падзеі, што скаланула сталіцу ў студзені 2015-га, раім паглядзець фотаздымак, падпісаны як «Аляксандр Саладуха разрывае «Графіці». Звярніце ўвагу на медытатыўную ўсмешку на вуснах поп-прарока.

Беларуска рве інтэрнэт

У гэтым годзе разрываў не толькі Аляксандр Саладуха і не толькі клуб «Графіці». У верасні гендырэктар брэсцкага ААА «Лагуна» Наталля Ільніцкая зрабілася сапраўднай зоркай «УКантакціка». Пачалося ўсё з таго, што нейкія ёлупні ўсумніліся ў сапраўднасці фотаздымкаў, што дэманстравалі жанчыну з футбольнай камандай і на гарадскім мерапрыемстве. Хаця любому пільнаму гледачу адразу бачна, што здымкі сапраўдныя!

І вось здарыўся цуд: Наталля так спадабалася карыстальнікам інтэрнэту, што яны пачалі змяшчаць яе на іншых здымках. Таксама, здаецца, сапраўдных (але я не спецыяліст). Наталля ў лапах Кінг-Конга. Наталля ляціць у космас. Наталля на карціне Батычэлі.

Так кіраўніца з Брэста зрабілася нават больш пазнавальным мемам за Зялкоўскага (г. з. «пахмуры беларус»). Я шчыра зайздрошчу папулярнасці гэтай берасцейкі! Адно дрэнна. Спаборніцтва «коцікі супраць гуркоў» дагэтуль больш папулярнае. Вы, дарэчы, не спрабавалі? У вас скачуць?

Блінная «Мама Дома» Дзяніса Кур’яна

У прынцыпе, адкрыццё гандлёвага цэнтра «Мома» на станцыі «Магілёўская» само па сабе магло б прэтэндаваць на галоўную культурную навіну года. Тут прыўкрасна ўсё: брэнды, цырымонія, на якой танчылі дзяўчыны з барабанамі ў сукенках і гусарскіх ківерах (на жаль, арганізаваць праезд Суворава на вярблюдзе арганізатары не здагадаліся, а было б стылёва!); галоўнае – тое, што калі аўтар праз тыдзень пасля «адкрыцця» забег у «Мома», каб узяць кавы ў «Гаражы», высветлілася, што «Гараж» закрыты, як і шмат якія крамы, бо слова «адкрыццё» ў беларускай рускай мове мае крыху іншае значэнне, чым у рускай рускай (значэнні гэтыя яшчэ больш узбагачаюцца падчас эканамічных крызісаў). Працавала толькі «Мама Дома».

Так я і даведаўся, што зоркі беларускага тэлебачання цяпер не толькі выпраменьваюць з экранаў, але і кормяць народ. «Чаму блінная? – разважае Дзяніс тут– Таму што гэта блюда базавае, простае, зразумелае любому беларусу». У пэўным сэнсе блінная – гэта сімвал беларускага тэлебачання: яно таксама базавае, простае, зразумелае любому беларусу.

Блін, як і тэлебачанне, светлы, жоўты, просты. Ён корміць страўнік, у той час як экран корміць душу. Я ўпэўнены: кожны беларускі тэлевядоўца мусіць мець свой харчавальны пункт у горадзе! І ў нас вельмі мала локшынных! Хачу болей локшыны! Што можа быць смачнейшым за добры паўднёвакітайскі мармышэль?

 

Гандлёвы цэнтр «Ленінград»

У прынцыпе, адкрыццё гандлёва-забаўляльных цэнтраў было адной з асноўных форм беларускай культуры ў 2015-м. На фоне іншых ГЦ «Ленінград» адзначыўся ў першую чаргу глыбокай павагай да нашай агульнай гісторыі, да змагання беларускага народа з царызмам, панамі і за сацыяльную справядлівасць.

Кастрычніцкая рэвалюцыя, якая вызваліла народ ад прыгнёту і прывяла да з’яўлення такіх выбітных пісьменнікаў, як Платон Галавач, Язэп Лёсік, Міхась Чарот, Максім Гарэцкагі, Тодар Кляшторны, была асноўным натхняльнікам для дызайнераў і нэймераў гэтага мэблевага парадызу.

На адкрыцці раздавалі каляндарыкі са Сталіным на 2016 год (хачу сабе такі), а яшчэ можна было паглядзець на жывога Уладзіміра Леніна. І незразумела, чаго там тым адмарозкам у інтэрнэце не спадабалася!

 

Ордэн выбітнаму беларусу

Як толькі стала вядома пра ўручэнне Ордэна Францыска Скарыны вядомаму беларускаму кампазітару і прадзюсару Віктару Якаўлевічу Дробышу, шмат хто з суайчыннікаў пачаў адмаўляць Дробышу ў беларускасці. Маўляў, Дробыш – не беларускі кампазітар, бо не размаўляе па-беларуску і не піша музыку па-беларуску.

Болей за тое, ён, здаецца, не нарадзіўся ў Беларусі (хаця якая там Беларусь была ў далёкім 1966-м?) Хацелася б адразу абвергнуць апошняе. Вікіпедыя, якая ніколі не памыляецца, паведамляе нам, што Дробыш нарадзіўся ў Ленінградзе. А «Ленінград», як бачна з папярэдняй навіны, знаходзіцца ў Мінску. Такім чынам, з месцам нараджэння разабраліся.

Ордэн Скарыны даецца за «значныя поспехі ў галіне нацыянальнага і дзяржаўнага адраджэння, выбітныя даследаванні гісторыі Беларусі, дасягненні ў галіне нацыянальнай мовы, літаратуры, мастацтва, кнігавыдавецтва, культурна-асветніцкай дзейнасці». І літаральна ў кожнай з гэтых сфер Дробыш зрабіў нешта значнае. Што да нацыянальнага адраджэння, Віктар Якаўлевіч напісаў песню «Часікі», дзякуючы гучанню якой у кожнай маршрутцы любы беларус займеў непераадольнае памкненне пачаць размаўляць на мове і слухаць сваё. Як даследчык гісторыі Беларусі Дробыш стварыў твор «Любовь всегда права», якая відавочна распавядае нам пра каханне Жыгімонта і Барбары (бо там ёсць фраза: «Знаеш што любоў не ждёт – ана ні для этава прідумана!»).

Дасягненнем у галіне нацыянальнай мовы ў Дробыша з’яўляецца тое, што ён гаварыт па-руску, як і большасць нармальных беларусаў. Ёсць у Віктара Якаўлевіча заслугі і ў кнігавыданні. А менавіта – пра яго апісаная біяграфічная кніга, сто старонак, мяккая вокладка. Беларусы! Калі мы ўжо нарэшце пачнём паважаць сваіх і ганарыцца імі?

Напрыканцы засталося пажадаць, каб несапраўдных культурных вынікаў 2016-га было болей, чым сапраўдных.

0
я вот толька / Адказаць
29.12.2015 / 14:53
Браво, Виктор!
0
бібліёграф / Адказаць
29.12.2015 / 15:14
Я не мог зразумець таго, што адбываецца ў Мінску, але метафара "праезд Суворава на вярблюдзе", вельмі трапна апісвае стан ў галовах вось у такіх беларусаў з грашыма.
0
mikola ramanau / Адказаць
29.12.2015 / 15:48
Viktar! Velmi dobry Gumar! Pospehu u Novym Godze!
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру