«Йшла група молоді, говорила білоруською. Я обернувся їм вслід та перехрестив…» — Уладзімір Леанюк, аўтар украінскага «Слоўніка Берасцейшчыны».

…Здаецца, гэта было ў маі ці чэрвені 2007 году. Так, дакладна, у чэрвені. Халодны быў чэрвень, таму вечарамі курткі накідалі. Незадоўга да таго мы пераехалі з Мінска ў Ждановічы і абжываліся ў новым доме.

Забрахаў сабака. Я вызірнула ў вакно і пабачыла за брамкай высокага сівавалосага мужчыну. «Відаць, яшчэ нехта з суседзяў прыйшоў знаёміцца», — падумала я і пайшла адчыняць.

Але гэта быў не сусед.

— Пані Наталко?

— Я.

— Я Володимир Леонюк, автор «Словника Берестейщини», — і нязмушана, шляхетна пацалаваў мне руку…

Так я пазнаёмілася з адным з самых моцных і прыгожых людзей, каго давялося мне сустрэць на сваім веку.

Уладзімір Ігнатавіч — мой зямляк, з Брэстчыны. Толькі ён з Іванаўскага раёну, з Крытышына, а я з Брэсцкага, з Заказанкі. І ён намнога старэйшы за мяне: я з 66-га, а ён — з 32-га. У 1951 годзе, калі ён, ваенны перастарак, вучыўся ў апошнім класе сярэдняй Крытышынскай школы, яго арыштавалі за тое, што пісаў ад рукі і распаўсюджваў антысавецкія лістоўкі ўкраінскай мовай.

Асудзілі яго за гэта на 25 гадоў лагераў. Школу ён закончыў ужо ў зняволенні.

Па сутнасці, ён займаўся тым жа, што ў той жа час рабіў і Расціслаў Лапіцкі ў Мядзеле. Той таксама вучыўся ў школе, таксама пісаў ад рукі і распаўсюджваў антысавецкія лістоўкі, толькі беларускай мовай. Але яго, беднага, засудзілі да расстрэлу і расстралялі.

Можа быць, Леанюку «пашанцавала», бо савецкія эмгэбісты не змаглі даказаць, што ў Крытышыне існавала антысавецкая арганізацыя… Уладзімір Ігнатавіч расказваў, што вельмі стараліся дазнацца пра гэтую арганізацыю, але не ўдалося ім, Богу дзякаваць, паклёпнікаў не знайшлося…

…А на моцных і прыгожых людзей мне шанцавала ў жыцці. Я была знаёмая з сястрой Расціслава Лапіцкага, спадарыняй Аленай Шарэпай-Лапіцкай.

Мы кантактавалі ў апошнія гады яе жыцця, калі ёй было каля дзевяноста, ў яе было толькі тры адсоткі зроку і рухацца яна магла толькі на мыліцах — але і тады яна была моцнай і прыгожай; я ёй трохі дапамагала – прыносіла прадукты, брала дадому праць бялізну… Яна вельмі ганарылася сваім членскім білетам БНФ, за нумарам 3, здаецца… Ганарылася тым, што была самай сталай сяброўкай БНФ, тым, што ўдзельнічала, пакуль магла, ва ўсіх вулічных акцыях БНФ… Аднойчы спадарыня Алена папрасіла звазіць яе ў лес, да якога-небудзь вялікага мурашніка – чамусьці верыла яна ў цудадзейныя сілы мурашыных флюідаў. Мы з мужам адвезлі яе да вялікага мурашніку, што месціцца на ўскрайку лесу ля дарогі на Вязынку. Насупраць там вялікі луг, на якім купы старых дубоў… Яна села на лавачку, што адмыслова пастаўленая там, папрасіла сарваць і падаць ёй рамонак і валошку і надоўга задумалася, трымаючы кветкі ў руках…

…У тым самым 2007 годзе, калі я пазнаёмілася з 75-гадовым панам Леанюком, у Салігорску выключылі са школы 17-гадовага Івана Шылу за тое ж самае — што распаўсюджваў лістоўкі — была такая подласць года.

Не магла не напісаць пра гэтага моцнага і прыгожага хлопца. Дзякуй Богу, што не расстралялі і ў лагер не пасадзілі — гісторыя цяпер ідзе па спіралі, а не па коле…

…Але ж пра Уладзіміра Ігнатавіча Леанюка, пра ягоную кнігу жыцця — «Словник Берестейщини», пра нашу сустрэчу.

Ён не быў гаваркім — хутчэй, стрыманым і маўклівым. Але адчуваўся ў ім стрыжань сілы і высакародства. І абсалютна нічога не было ў ім ад лагера, дзе ён праседзеў 16 гадоў — ніякай грубасці, вульгарнасці, хіжасці; грубых слоў ніколі не чулі, не кажучы ўжо пра нецэнзуршчыну… Мае дзеці неяк адразу пацягнуліся да яго, ціха слухалі ягоныя аповеды; нават Тарас, хлопчык тады вельмі сарамлівы і нават крыху адлюдны, у першы ж вечар з даверам узяў яго за руку і павёў паказваць наш садок.

Толькі адна рысачка была ў яго такая, знак перажытага… Я адразу дык была й не разумела, усміхалася ў душы. Ён ніколі, як гэта гаворыцца, не сядзеў «за кубкам чаю» ці за «келіхам каньяку». Адразу, у секунду, як нальеш, выпіваў той кубак гарбаты, той келіх каньяку, адразу з’ядаў усё, што пакладзеш яму на талерку…

Падчысціць усё хутка, пакуль мы яшчэ толькі за відэльцы ўзяліся; вып’е адразу каву, якую я перад усімі пастаўлю ў разліку на ўвесь вечар… Спачатку, кажу, я ў душы падсмейвалася; пакуль аднойчы не зразумела: дык гэта звычка – лагернае кляймо, што не выведзеш нічым; адтуль, з лагера, гэта — з’есці і выпіць усё адразу, наталіць вечны голад, пакуль ёсць чым, пакуль не адабралі, пакуль ты жывы… Мяне аж жарам абдало, калі дайшло да мяне гэта, так сорамна стала за тую сваю ўнутраную ўсмешку.

У той ягоны прыезд Уладзімір Ігнатавіч пабываў у рэдакцыі «Нашай Нівы», пазнаёміўся з журналістам Міхасём Скоблам з радыё «Свабода». Звазіў муж яго па ягонай просьбе і ў Курапаты…

Перад ад’ездам назад у Львоў сказаў нам:

— А я сьогодні чув в Мінську білоруську мову. Молодь говорила. Йшла група молоді, говорила білоруською. Я обернувся їм вслід та перехрестив…

У той прыезд ён расказваў, што працуе над другім томам «Словника Берестейщини». Першы том выйшаў за 10 год да таго; улады тады распарадзіліся выкінуць яго з беларускіх бібліятэк, а я заступілася за гэту кнігу ў прэсе — так пра мяне й даведаўся Леанюк. Неўзабаве другі том выйшаў у свет.

Памёр Уладзімір Ігнатавіч у снежні 2013 года. У сям’і мы згадваем яго менавіта ў дзень ягонай смерці…

І вось сёлета літаральна ў гадавіну ягонай смерці заходжу ў Фэйсбук — а там чалавек, якога раней я паважала, — Стась Карпаў, груба, прынізліва, з матамі-пераматамі, піша пра «Словнык…», вырываючы з кантэксту і перакручваючы выказванні Леанюка.

Незадоўга да таго гэты ж чалавек абвінаваціў мяне ў страшных рэчах: у жаданні адарваць Берасцешчыну ад Беларусі і дабіцца яе ўваходу ва Украіну, у сепаратызме, у «мярзотнасці» ўсяго таго, чым я займаюся.

Паколькі тон яго выказванняў быў папросту хамскім, то й выклікаў жаданне прыкладна такое, якое адчуваеш, калі сустракаешся з п’яным хамам на вуліцы: абысці бокам ды йсці сваёю дарогай, не ўступаючы ні ў якія дыскусіі.

Але што мяне здзівавала: пад гэтымі брэднямі і матамі стаяць лайкі знаёмых мне людзей, якіх я лічыла беларускімі інтэлігентамі і патрыётамі!

Калі сэрца перастала балець, вырашыла не пакідаць гэтыя выпады без увагі і яшчэ раз выкласці свае погляды, пастараўшыся зрабіць гэта максімальна ясна.

Такім чынам. Мяне завуць Наталка Бабіна, мне амаль 50 гадоў. Я родам з Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці. Я напісала на беларускай мове некалькі літаратурных твораў, перакладзеных на 6 моў свету: англійскую, рускую, польскую, украінскую, чэшскую, славенскую.

Я грамадзянка Беларусі, народжаная пад Берасцем, і пры гэтым мая родная мова — украінская.

Разам з сябрамі я раблю тое, што лічу вельмі важным як для Беларусі, так і для Украіны: намагаюся спрыяць захаванню і развіццю на Брэстчыне ўкраінскай духоўнай спадчыны і ўкраінскай мовы.

У Беларусі мала знаюць пра ўкраінскую культуру і мову ў гэтым рэгіёне.

Часам пытаюцца: а хіба ў Беларусі ёсць месцы, дзе гавораць украінскай мовай? Так, ёсць. Карэннае насельніцтва Брэсцкага, Кобрынскага, Жабінкаўскага, Маларыцкага, Камянецкага, Іванаўскага, Пінскага, Драгічынскага, Бярозаўскага, Іванаўскага і частак Столінскага, Пружанскага, Ганцавіцкага, Лунінецкага і Івацэвіцкага раёнаў спрадвеку гаварыла па-ўкраінску.

Часам пытаюцца: «Вы не філолаг, як Вы можаце вызначаць, што гэта ўкраінская мова?» Для таго, каб адрозніць мову ад мовы, не трэба быць філолагам. Дастаткова толькі мець вушы і непрадузятасць, і Вы лёгка адрозніце рускую мову ад балгарскай, польскую — ад чэшскай, беларускую — ад украінскай.

«Маты, батько, він, вона, ходыты, робыты, кіт, ліс, чый то кінь стойіть (украінскай графікай — «мати, батько, він, вона, ходити, робити, дякувати, кіт, ліс, чий то кінь стоїть») — любы непрадузяты чалавек скажа, што гэта ўкраінская мова. «Маці, бацька, хадзіць або хадзіці, кот, лес, чый то конь стаіць» — беларуская. Гэта простая праўда.

Навукоўцы-філолагі таксама гэта пацвярджаюць – ад вядомага Яўхіма Карскага да Міколы Талстога. Так, могуць быць дыялектныя асаблівасці, мова ў розных месцах будзе трохі адрознівацца лексічна і фанетычна — але гэта ўсё дыялекты той жа ўкраінскай.

Дзе-калі кажуць: «Але ж існуюць і філолагі, якія сцвярджаюць, што дыялекты ўказаных Вамі раёнаў — дыялекты беларускай». Так, існуюць такія выказванні. Можа быць, яны тлумачацца памылкамі. Можа быць, забаронай гаварыць праўду дзеля «палітычнай мэтазгоднасці», як гэта было ў часы Савецкага Саюза. Тады існавала строгая ўстаноўка філолагам: пісаць і гаварыць, што на тэрыторыі Беларусі існуюць толькі беларускія гаворкі, на тэрыторыі Украіны — толькі ўкраінскія. Насамрэч гэта не так і для Беларусі, і для Украіны; у Чарнігаўскай і Роўненскай абласцях, прыкладам, ёсць беларускія гаворкі. Тады ж беларускіх філолагаў прымусілі зрабіць тое, што застанецца непрыгожай плямай у гісторыі беларускага мовазнаўства: у шматтомным выданні, прысвечаным беларускаму фальклору, усе матэрыялы, сабраныя ва ўкраінскамоўных раёнах, перапісалі ў адпаведнасці з беларускай фанэтыкай: «Ой, чый то конь стаіць».

На працягу гісторыі Берасцейшчына мела шчыльныя сувязі з Украінай. Берасце ўваходзіла ў склад Галіцка-Валынскага княства — і так далей, перыядычна, аж да кароткага ўваходу ў склад Украінскай Народнай Рэспублікі ў 1918.

На Брэстчыне захавалася багатая і разнастайная ўкраінская духоўная спадчына. Пачынаючы з рэлігійнай: здаўна і па сёння для жыхароў нашага краю адным з найбольш шанаваных месцаў пакланення была Пачаеўская лаўра; часта на вышэйшых царкоўных пасадах ва Украіне знаходзіліся людзі родам з Брэста.

Для традыцыйнага мастацтва, архітэктуры Берасцейшыны блізкі валынскі стыль; з Брэстчыны родам багата вядомых украінскіх пісьменнікаў (Дмытро Фалькіўскі, Фёдар Одрач, Іван Хмэль, Остап Лапскі).

Вельмі актыўным быў украінскі рух на Брэстчыне ў міжваенны час (20-я—40-я гады мінулага стагоддзя). Тады тут працавалі ўкраінскія школы, былі шматлікія ўкраінскія грамадскія арганізацыі («Прасвета») і партыі («Сельроб»), якія выйгравалі выбары ў сейм. Існавалі ўкраінскія тэатральныя гурткі, вялікай папулярнасцю карысталася ўкраінская літаратура і г.д.

У 39 годзе Берасцейшчына была далучаная да БССР.

З гэтага моманту ўсё ўкраінскае тут — мова, школа, культура, гісторыя — сталі забараняцца, замоўчвацца, выцясняцца. Замест іх сталі дырэктыўна ўкараняць рускае.

Ці было гэта карысна для Беларусі, беларускасці ў шырокім сэнсе, беларускай нацыянальнай ідэі? Здавалася б, так:

БССР жа набыла немалую тэрыторыю. Але «працэнт» беларускасці ў такой Беларусі знізіўся.

Людзі тут былі рэзка адарваныя ад звычнай ім культурнай традыцыі і мовы, а беларуская традыцыя і мова не мелі такой прыцягальнай сілы, каб іх да сябе прывабіць, заставаліся па вялікім рахунку чужымі. З’явіўся культурны вакуум, у які адразу лінула рускасць, маскоўскасць. За просьбу адкрыць украінскую школу адпраўляюць у Сібір — і тыя, хто застаўся, паміж беларускай і рускай школай выбіраюць, канечне, рускую. Людзі ж, якія моўчкі пагаджаюцца з будзь-чым — не беларусы ў душы, ім далёкая беларуская культура, яны не адчуваюць роднаснасці беларускай мовы. Для БССР гэта не мела вялікага значэння. Бо ў БССР улады і беларусаў не хацелі бачыць беларусамі, наадварот, рабілася многае для нівелізацыі беларускасці па ўсёй краіне.

А вось для сапраўднай Беларусі важна разумець: адарваныя ад роднай ім украінскай культуры і мовы берасцейцы не стануць аўтаматычна беларусамі; але вельмі лёгка яны становяцца адэптамі рускага свету. Нідзе ў Беларусі не бачыла гэтай вясной столькі георгіеўскіх стужак і прарускіх налепак на аўто, як у Брэсце. Нездарма менавіта ў Брэсце пару год таму адкрыўся Цэнтр рускай культуры ды навукі — такі самы, як раней адчыняліся ў Крыме і Данбасе…

З іншага боку, на Брэстчыне і дасюль часта чуецца ўкраінская мова (па маіх назіраннях, не радзей, чым, скажам, на Міншчыне беларуская), людзі працягваюць гаварыць на ёй. Іншая справа, што часта яны нават не ўсведамляюць, што гавораць украінскай. На ўсёй тэрыторыі Беларусі семдзесят гадоў ужо не існуе ніводнага ўкраінскага класа — а дзясяткі аўтараў усё-роўна пішуць па-ўкраінску (кажу гэта, як член рэдакцыйнай рады беларуска-ўкраінскага альманаха «Справа»). А яшчэ больш — на сваіх гаворках. Часта людзі нават не ўсведамляюць, што гэта за гаворкі — але не жадаюць губляць сваю мову, а разам з гэтым і годнасць, і частку душы.

Дык што з гэтым рабіць беларусам? Працягваць «бээсэсэраўскую» практыку замоўчвання ўкраінскасці? Гэта неэфектыўны, страусавы падыход.

Часта даводзіцца чуць: «На Берасцейшчыне й Піншчыне ніхто не лічыць сябе ўкраінцам». Гэта не так. Лічаць. І нямала. Але гэтыя людзі лічаць сябе і грамадзянамі Беларусі.

Відаць, тут да месца будзе прывесці ўрывак з верша, які мы атрымалі для першага нумара нашага альманаха «Справа». Тады мы вырашылі яго не друкаваць — бо палічылі, што ў ім аўтар у сваёй крыўдзе ўсё ж занадта абагульняе беларусаў, чым можа пакрыўдзіць многіх дастойных. Але зараз я думаю, варта агучыць яго, бо ён паказальны.

Привіз раз Зенон Станіславович
Пана Ходику до нас.
Він нашої мови не знаючи,
Щось плів про її і сміявсь. 

Політики бенеефовці
Почули тоді од нас:
«Не знищили мову есесовці!
Нічого не вийде й у вас!» 

Живе гонде матчине слово,
Линуть поліські пісні.
— Дід, — чує старий од малого.
— Не згине тут мова, ні!

(Напісана ў 1999 годзе ў Кобрыне.)

Я часта думаю, што калі б спадары Пазняк ды Хадыка менш смяяліся тады, то, можа, больш смяяліся б цяпер…

Самае галоўнае, што варта зразумець: беларуская і ўкраінская культура ў Беларусі не ўзаемавыцясняюць, а ўзаемападтрымліваюць адна адну; яны не канфліктуюць між сабой, а ўзмацняюцца наўзаем.

Менавіта ўкраінскі актывіст з Маларыты Уладзімір Іванавіч Харсюк стварыў там суполку БНФ.

Менавіта ўкраінскі актывіст з Пінска Вячаслаў Еўціхіевіч Панкавец быў сузаснавальнікам тамтэйшай суполкі БНФ «Адраджэнне».

Да слова, упэўненая, што так ёсць і з польскай культурай у Беларусі. Грамадзянін Беларусі, які вызнае сябе палякам, Анджэй Пачобут зрабіў для беларускасці больш, чым плойма «ісцінна-беларускіх» беларусаў.

Да слова, і расейскіх сяброў не варта адштурхоўваць — такіх, прыкладам, як сусветнавядомы гісторык, аўтар апошняга нумару нашага альманаха «Справа» Канстанцін Ерусалімскі — акі леў, змагаецца ён у сваёй Маскве з рознымі Праханавымі, а яго цудоўны тэкст нават словам не згадалі ў рэцэнзіі на нумар на сайце Саюза беларускіх пісьменнікаў (як не згадалі ніводнага з аўтараў матэрыялаў, напісаных не па-беларуску, а па-ўкраінску, па-руску і на гаворках)…

Нядаўна адзін аўтарытэтны для мяне чалавек у размове адзначыў, што зараз на Брэстчыне толькі чалавек сто гавораць свядома па-беларуску ці па-ўкраінску, прычым часта гэта адны і тыя ж людзі. З апошнім — што часта гэта адны і тыя ж людзі, я згодная. А вось колькасць ацаніла б больш аптымістычна: па-мойму, такіх свядомых украінскамоўных у рэгіёне пару тысяч («несвядомых», тобто людзей якія проста карыстаюцца гаворкамі, прывычнымі з дзяцінства, не задумваючыся над тым, што гэта за мова — думаю, некалькі соцень тысяч на сёння), беларускамоўных — пад пару соцень. Але ўсё роўна гэта экстрэмальная сітуацыя! Гэта — грань. Пасля яе — моўная і свядомасная прорва.

Калі забудуцца «буде з мене», «загоїтися», «опинянка» (якія яшчэ там словы мы абмяркоўвалі ў Фэйсбуку, «дорогі мої білоруські друзі»?), то не будуць мае землякі гаварыць «досыць», «загаіцца», «ахінанка», а будуць гаварыць «хватит», «заживет», «большой платок». Праз усведамленне ўкраінскіх каранёў людзі на Берасцейшчыне прыходзяць да беларускага патрыятызму. Стаю на тым, бо сама прайшла гэты шлях.

Без усведамлення ўкраінскіх каранёў, мовы сваіх дзядоў і сваёй культуры з вялікай імавернасцю яны развіваюць меркаванне, што «беларуская мова штучная», «чыстай беларускай мовы нідзе няма», «нашы дзеды тут гаварылі на сумесі моў» і «ўсе мы адзін рускі народ».

Згаданы вышэй Стась Карпаў заклікаў не цырымоніцца з нацыянальнымі меншасцямі, а то, маўляў, яны тут зробяць «Данбас». Гэта дурасць. «Данбас» зрабілі не нацменшасці, а «людзі без нацыянальнасці», «мы-адзін-народ».

Сепаратызм узнікае найперш там, дзе людзі незадаволеныя. Калі людзі жывуць у справядлівай для ўсіх краіне, калі ім не перашкаджаюць развіваць сваю культуру, то і не ўзнікае ніякага сепаратызму. Як няма сепаратызму ў Польшчы на Падляшшы. Павага да любых нацыянальнасцяў, да любых меншасцяў — прыкмета еўрапейскіх краін. Спробы абмежаваць іншых — прыкмета вузкалобага шавінізму.

…Ці знаёмае вам адчуванне, што вашы мёртвыя стаяць за вамі? Вось тут, за спінай, маўкліва назіраючы і ацэньваючы вас? Мне — знаёма. Асабліва ў гэтыя цёмныя, валоглыя лістападаўскія і снежаньскія дні. Баба Пелагея, Уладзімір Ігнатавіч. А цяпер стала адчуваць падтрымку не толькі мёртвых, але, Богу дзякаваць, і жывых.

Як колішняга настаўніка матэматыкі з Дывына, 87-гадовага Апанаса Мікітавіча Гапановіча. У свой час за тое, што патрабаваў запісаць яго ў пашпарце ўкраінцам, гэбісты выбілі яму 4 зубы. «А тепер всі вони повмирали, а я — живу! А після сьогоднішньої зустрічі проживу на десять років більше! Чом ви так довго не приїзджали?» — сказаў ён нам пасля прэзентацыі нашага альманаху…

Хацела б сказаць парывістаму фэйбучнаму крыкуну: не адмоўлюся я з-за Вашых мацюкоў ад мовы бабы Пелагеі, Уладзіміра Ігнатавіча, Апанаса Мікітавіча, многіх соцен тысяч маіх землякоў. Божай ласкай, я перадала яе ўсім сваім дзецям. Дык няўжо я адмоўлюся ад мовы маіх дзяцей?! Не, не будзе такога. А вам раю супакоіцца і цвяроза думаць, перш чым пісаць. Чамусьці мне падаецца, што Ваша прабабуля, якая, наколькі я ведаю, таксама прайшла лагеры, не адобрыла б Вас у гэтым выпадку.

Украінцы Брэстчыны не ворагі беларускасці, а саюзнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?