Фота Сяргея Гудзіліна

Права на працоўную пенсію па ўзросце, за выслугу гадоў з 1 студзеня 2016 будзе прадастаўляцца пры наяўнасці стажу працы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва не менш за 15 гадоў і 6 месяцаў.

Пра гэта гаворыцца ва ўказе №534 ад 31 снежня 2015 года, які афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

«Пачынаючы з 1 студзеня 2017 названы стаж працы штогод з 1 студзеня павялічваецца на 6 месяцаў да дасягнення 20 гадоў», - адзначаецца ў дакуменце.

Новаўвядзенне тычыцца пенсій, якія прадугледжаны артыкуламі 11-13, 15, 24, 47 - 49-2 закона ад 17 красавiка 1992 года «Аб пенсійным забеспячэнні»; артыкулам 54 закона ад 14 чэрвеня 2003 года «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь»; артыкуламі 32 і 33 закона «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый» ад 6 студзеня 2009 года.

Указ устанаўлівае, што замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія працуюць у Беларусі ці якія з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню на ўмовах, устаноўленых заканадаўствам для беларускіх грамадзян.

Дакументам таксама агаворваецца: «Устанавіць, што пераразлік працоўных пенсій у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў у краіне ажыццяўляецца на падставе ўказаў прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь не радзей за адзін раз у год у межах сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь».

Уносяцца і некаторыя іншыя змены, якія датычацца Палажэння аб выплаце абавязковых страхавых узносаў, узносаў на прафесійнае пенсійнае страхаванне і іншых плацяжоў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?