02.01.2016 / 13:10

У Расіі зяцю Пуціна далі дзяржкрэдыт на $1,75 млрд пад 2% гадавых 16

Газаперапрацоўчая і нафтахімічная кампанія «Сібур» атрымала буйны крэдыт у памеры 1,75 млрд даляраў з Фонду нацыянальнага дабрабыту (ФНД) пад нізкі працэнт. Сродкі пойдуць на фінансаванне будаўніцтва новага завода ў Табольску.

Саўладальнікам «Сібура» з'яўляецца Кірыл Шамалаў, якога СМІ называюць мужам дачкі Уладзіміра Пуціна Кацярыны Ціханавай, паведамляе агенцтва Reuters.

Кірыл Шамалаў дае інтэрв'ю, 29 ліпеня 2015 года. Фота Дзмітрыя Духаніна, Reuters / Kommersant

Паводле карпаратыўных дакументаў, якія патрапілі ў агенцтва, «Сібуру» ўдалося атрымаць гэты крэдыт пад 2% гадавых, у той час як на расійскім рынку найменшы працэнт пад такія сумы складае 7%.

Кірыл Шамалаў на запыт Reuters каментара не даў. «Сібур» не мае ніякай інфармацыі «аб сямейных сувязях ці сувязях паміж акцыянерамі кампаніі і прэзідэнтам Расіі», заявіў агенцтву прадстаўнік кампаніі. У «Сібуры» таксама падкрэсліваюць, што прыцягненне сродкаў ФНД прайшло ўсе неабходныя працэдуры і было зацверджана ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам.

Прадстаўнік Мінэканамразвіцця заявіў, што купля аблігацый «Сібура» у рублёвым эквіваленце была выгаднай здзелкай, а інвестыцыі дзяржавы ў праект будуць спрыяць прыцягненню замежнага фінансавання.

«Сібур Холдынг» — найбуйнейшы нафтахімічны холдынг Расіі, які займаецца перапрацоўкай спадарожнага нафтавага газу, валодае інфраструктурай па яго перапрацоўцы і транспарціроўцы, выпускае базавыя палімеры, поліэтылен, поліпрапілен і г.д.

Асноўным акцыянерам з'яўляецца кіраўнік праўлення «Наватэка» Леанід Міхельсон (50,2%), член рады дырэктараў «Сібура» Кірыл Шамалаў кантралюе 21,3% — ён стаў іх уласнікам пасля таго як ажаніўся з дачкой Пуціна, Генадзь Цімчанка — 15,3%, былыя і цяперашнія менеджары кампаніі — 13,2 %.

У лістападзе Reuters паведаміў, што Кірыл Шамалаў з 2013 года жанаты з Кацярынай Ціханавай, якая з'яўляецца дачкой прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.

Гэта пацвердзіў кіраўнік «Газмпрамбанка» Андрэй Акімаў, пісала агенцтва. Пасля выхаду артыкула прэс-служба «Газпрамбанка» заявіла, што Акімаў не рабіў заяў аб роднасных сувязях Ціханавай і «быў вельмі здзіўлены» тым, што журналісты дапусцілі «прамую падтасоўку». У Reuters выключылі магчымасць некарэктнай інтэрпрэтацыі і паведамілі, што банкір распавядаў пра Ціханаву пад запіс.

Пазней Reuters апублікавала расследаванне пра Шамалава «Таварыскі капіталізм: чалавек ажаніўся з дачкой Пуціна і потым разбагацеў». Агенцтва сцвярджала, што стан бізнэсмена пачаў імкліва расці неўзабаве пасля яго вяселля.

Шамалаў заняў крэсла віцэ-прэзідэнта па адміністрацыйнай падтрымцы бізнэсу «Сібура» у 26-гадовым узросце.

Кампанія ў 2008 годзе акурат шукала чалавека, адказнага за сувязі з дзяржаўнымі органамі, і Шамалава запрасілі на гэтую пасаду. Калі ў «Сібуры» з'явілася апцыённая праграма, Шамалаў сярод іншых калегаў купляў акцыі і да восені 2014 года сабраў больш за 4% кампаніі.

Аднак рэзка яго пакет вырас у выніку здзелкі з Цімчанкам: у пачатку верасня 2014 г. Шамалаў кансалідаваў 21,3% акцый, у Цімчанкі засталося толькі 15,3%.

У інтэрв'ю выданню «Коммерсант» Кірыл Шамалаў сцвярджаў, што фінансаваў здзелку, узяўшы крэдыт у «Газпрамбанку» пад заклад актываў, якія яму належалі (якіх менавіта і колькі дакладна, у інтэрв'ю не ўдакладнялася).

Бацькам імавернага мужа дачкі прэзідэнта Расіі з'яўляецца Мікалай Шамалаў, які трапіў, дарэчы, у 2014 годзе пад санкцыі Еўрасаюза, улады якога уключылі бізнэсмена ў бліжэйшае атачэнне Пуціна, абгрунтаваўшы гэта тым, што абодва былі сузаснавальнікамі дачнага кааператыва «Возера».

Мікалай Шамалаў сапраўды сябруе з Пуціным, і нават быў сёлета ў яго на дне народзінаў, што пацвердзіла крыніца РБК ў крамлёўскай адміністрацыі (прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў гэта не каментуе).

У 1990-я Шамалаў-старэйшы працаваў стаматолагам, пасля чаго пачаў займацца пастаўкамі медыцынскага абсталявання.

0
Иван / Адказаць
02.01.2016 / 14:29
Семейный Распил России, именно поэтому вся информация про семью Путина- государственный секрет! Также как и его биография.
0
Раман / Адказаць
02.01.2016 / 14:42
"Бабки надо делать, бабки!" В.В.Путин. Смольный. 19 августа 1991 г.
0
Цар-пукця / Адказаць
02.01.2016 / 15:10
"Сваем у дошку" - усё што заўгодна! А народу - лапшу на вушы пра "рускія каштоўнасці"! Га-га-га!
Паказаць усе каментары/ 16 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру