1 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны закон «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці і падаткаабкладання». Прававы акт уносіць папраўкі ў Падатковы кодэкс, якія (за выключэннем асобных палажэнняў) набылі моц з 1 студзеня.

Як паведамляе Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі са спасылкай на Міністэрства фінансаў, змены ў Падатковы кодэкс абумоўленыя, перш за ўсё, неабходнасцю прывядзення яго асобных норм у адпаведнасць з Дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе, зменамі ў іншых галінах права, неабходнасцю індэксацыі ставак падаткаў, устаноўленых у беларускіх рублях. Шэраг зменаў накіраваны на вырашэнне пытанняў, якія ўзнікаюць пры практычным прымяненні норм кодэкса.

Стаўкі асноўных падаткаў і збораў на 2016 год захаваныя на ранейшым узроўні.

Пры гэтым у 2016 годзе:

- стаўкі падаткаў, устаноўленыя ў беларускіх рублях, праіндэксаваныя на прагнозны ўзровень інфляцыі;

- уведзеныя дадатковыя аб'екты абкладання дзяржаўнай пошлінай, а таксама павялічаныя стаўкі па асобных дзейных аб'ектах;

- павялічаны гранічны памер стаўкі курортнага збору з 3% да 5%;

- павялічана з 0,1% да 0,2% стаўка падатку на нерухомасць, які выплачваецца фізічнымі асобамі з другой і наступных кватэр, якія знаходзяцца ў іх уласнасці;

- мясцовым саветам дэпутатаў дадзена права па павелічэнні да 10 разоў ставак падатку на нерухомасць і зямельнага падатку, адносна маёмасці, якая не выкарыстоўваецца (неэфектыўна выкарыстоўваецца), а таксама адносна зямельных участкаў, на якіх размешчана такая маёмасць;

- павялічаны з 0,55% да 0,7% стаўкі зямельнага падатку па зямельных участках, на якіх размешчаныя рынкі і гандлёвыя цэнтры (комплексы), уключаючы аўтастаянкі;

- устаноўлена вызваленне ад падаходнага падатку даходаў, атрыманых за працу ў складзе студэнцкіх атрадаў, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць на тэрыторыі дзяржаў — удзельніц СНД;

- удасканалены механізм заліку сум падаходнага падатку, выплачанага ў бюджэт замежнай дзяржавы, пры накіраванні работнікаў за мяжу на працу ў пастаянным прадстаўніцтве.

Акрамя таго, закон з 2016 года прадугледжвае адмену асобных падатковых ільгот:

- па ПДК — пры рэалізацыі вытворцамі Рэспублікі Беларусь транспартных сродкаў для перавозак пасажыраў з мэтай іх далейшай перадачы ў лізінг;

- па падаходным падатку — па даходах, атрыманых у выглядзе выйгрышаў ад арганізатараў азартных гульняў, з устанаўленнем стаўкі падатку ў памеры 4%, а таксама па даходах у выглядзе працэнтаў, атрыманых індывідуальнымі прадпрымальнікамі па банкаўскіх рахунках, укладах (дэпазітах);

- па падатку на прыбытак — ад рэалізацыі вырабленай сельскагаспадарчай прадукцыі.

Асобныя палажэнні закона, накіраваныя на ўдасканальванне падатковага адміністравання, набываюць моц 1 ліпеня 2016 года. Гэта тычыцца ўвядзення электронных рахункаў-фактур па ПДК і зніжэння крытэрыя колькасці работнікаў прадпрыемства для мэтаў абавязковага электроннага дэкларавання — з 50 да 15 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?