1 студзеня, 17:15. Заходжу ў кавярню. Адчынена. Святло пагашана. Пасля начной гулянкі абрусы ляжаць на сталах няроўна. Пры стойцы стаіць нейкая паненка.

— Добры вечар! Ці можаце заварыць гарбаты?

— Мы ещё не работаем. Зал не убран. 

— Але ж адчынена.

— Мы с шести работаем. 

— Але ж Вы тут. Можа, заварыце?

— Хорошо, подождите минутку… Вам зелёный?..

Я заплаціў, узяў кубак з гарбатай, дастаў з заплечніка «Нашу Ніву» і пачаў чытаць гутарку з Антонам Матолькам. Цудоўна, думаю сабе! Як дап'ю, куплю гэтай паненцы шакаладку.

Толькі дачытаў я траціну гутаркі з Матолькам, як тая паненка ўключыла гучна расейскамоўную папсу. Нейкая дзеўка пяяла з калонак: «Я хочу тібя цэлаваць». Мне брыдка было гэта чуць. Калі хоча цалаваць, хай цалуіць, нашто пра гэта пяяць і нашто мне гэта чуць? — думаю сабе.

Я хутка дапіў гарбату. Гутарку з Матолькам не дачытаў, схаваў газету ў заплечнік. Завярнуўся і пайшоў. Шакаладку паненка не атрымала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0