Экспертна-журналісцкая група Bellingcat, якая займаецца расследаваннямі ваеннай тэматыкі па адкрытых крыніцах, звузіла спіс датычных да крушэння рэйса MH17 на тэрыторыі Украіны ў ліпені 2014 г. да 20 расійскіх вайскоўцаў. Пра гэта ў інтэрв'ю NOS распавёў заснавальнік Bellingcat Эліат Хігінс.

ria.ru

ria.ru

Даклад, дзе ўтрымліваюцца імёны і фатаграфіі расійскіх вайскоўцаў, якія, на думку групы, датычныя да крушэння MH17, два тыдні таму быў прадстаўлены галандскай пракуратуры. Даклад ад яе атрымае следчая група, якая займаецца пошукам вінаватых у крушэнні рэйса малайзійскіх авіяліній.

Пракурор распавёў, што атрымаў дадзеныя ад Bellingcat. Уся інфармацыя пройдзе праз расследавальную групу і, у выпадку неабходнасці, будзе ўключана ў крымінальнае расследаванне.

NOS паведамляе, што Bellingcat працуе з расследавальнай групай, куды ўваходзяць прадстаўнікі з Галандыі, Бельгіі, Малайзіі, Украіны і Аўстраліі.

У мінулым годзе ўдзельнікам Bellingcat удалося ўстанавіць, што да крушэння MH17 датычны 2-гі батальён 53 зенітнай брыгады з Курска. Пад падазрэннем — Сяргей М., камандзір брыгады. Таксама згадваюцца Дзмітрый Т. і дзевяць лейтэнантаў, якія знаходзіліся ў «Буку» ў дзень крушэння самалёта. У расследаванні гаворыцца і аб «вельмі дасведчаных салдатах», якія ўмеюць кіраваць устаноўкай.

13 кастрычніка быў апублікаваны тэкст дакладу Міжнароднай камісіі аб крушэнні Боінга. У ім гаварылася, што рэйс MH17 быў збіты ракетай з «Бука» серыі 9М38 з баявой часткай 9М314М.

Катастрофа Boeing 777 адбылася 17 ліпеня 2014 г. Самалёт авіякампаніі Malaysia Airlines ляцеў з Амстэрдама ў Куала-Лумпур. Загінулі 298 чалавек - усе, хто знаходзіўся на борце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?