Завяршылася праверка па справе мінскага фітнес-інструктара 32-гадовай Ксеніі Маргунскай, якая ўцякала ад кантралёраў праз акно тралейбуса. Супрацоўнікі Партызанскага РУУС далі ёй адказ на зварот у міліцыю наконт гэтага інцыдэнту. Пра гэта паведаміла прэс-афіцэр раённага ўпраўлення ўнутраных спраў Наталля Ганусевіч.

Скрыншот з відэа

Скрыншот з відэа

Паводле яе інфармацыі, 6 снежня 2015 года ў 15.26 у аператыўна-дзяжурную частку Партызанскага РУУС паступіў званок ад вадзіцеля тралейбуса. Яна паведаміла, што жанчына адмаўляецца аплачваць праезд. Прыбыўшы на прыпынак «Сталетава» нарад міліцыі на месцы здарэння ўбачыў жанчыну і двух кантралёраў. Усіх трох даставілі ў райупраўленне, дзе ад іх былі прынятыя заявы.

Па гэтым факце супрацоўнікамі міліцыі праведзена праверка ў парадку Працэсуальна-выканаўчага КоАП. Па яе выніках у дзеяннях кантралёраў адсутнічае склад адміністрацыйнага правапарушэння. У дзеяннях жанчыны бачыцца склад адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага арт. 18.30 КоАП (безбілетны праезд).

Нагадаем, у заяве, пададзенай у міліцыю, Маргунская напісала, што падчас інцыдэнту ёй былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні. Пасля гэтага яна звярнулася па судова-медыцынскую экспертызу.

У інтэрв'ю ОНТ Маргунская сказала: «Так, у мяне не было талона, і кантралёр мне прапанаваў аплаціць штраф. У той момант у мяне не было магчымасці аплаціць штраф непасрэдна на месцы і ў гэты час. Я прапанавала дакумент, які сведчыць асобу, — пашпарт, каб склалі пратакол, і потым штраф прыходзіць па паштовым адрасе». Паводле яе слоў, і вадзіцель, і кантралёры вырашылі зачыніць дзверы і не выпускаць з тралейбуса.

Фітнес-інструктар, якая пакінула ў транспарце сумку і выбіралася з тралейбуса праз акно пад камерай мабільнага тэлефона, прызналася: такое з ёю ўпершыню. Выбрацца праз акно вырашыла з прынцыпу. Свой учынак ні гераічнымі, ні камічным не лічыць. «Ні пры якіх абставінах ніхто, за выключэннем упаўнаважаных асоб, а гэта ў нас прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, не мае права пазбаўляць чалавека волі, права выбару», — сказала Маргунская. Яна звярнула ўвагу на тое, што кантралёры, якія на яе «накінуліся», — дарослыя і моцныя мужчыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?