cbs46.com
У амерыканскім штаце Джорджыя недалёка ад Атланты (каля Дэкатура за 10 міляў на паўднёвы ўсход) у матэлі Rite4us Inn & Suites Hotel захапілі ў закладнікі 11 дзяцей і жанчыну, перадае NBC News.
Як мяркуецца, закладнікаў утрымлівае адзін мужчына. Адзначаецца, што ў закладніках знаходзяцца дзеці ва ўзросце ад 3 месяцаў да 17 гадоў. Захопленай жанчыне ўдалося патэлефанаваць 911.
На месцы працуе спецназ, паліцыя і ратавальнікі.
Паліцэйскія, якія акружылі гатэль, кажуць, што чалавек, які захапіў закладнікаў, адмаўляецца сысці, выклікаўшы асцярогі з нагоды бяспекі некалькіх дзяцей у будынку.
Як паведамляе BBC, штурм матэля не спатрэбіўся. Падчас перамоваў падазраваны па неўстаноўленай прычыне паспрабаваў перарэзаць сабе горла. Мужчына шпіталізаваны ў вельмі цяжкім стане. Ніхто з 12 закладнікаў у выніку не пацярпеў.
Як пішуць мясцовыя СМІ, прычынай інцыдэнту стаў нейкі канфлікт паміж мужчынам і яго знаёмай. Паведамляецца, што узятая ў закладнікі жанчына не прыходзілася дзецям маці, а проста прыглядала за імі. Прычына яе сваркі з падазраваным пакуль не высветленая.