Пазваніў я 1 студзеня сваёй былой суседцы. Наша сям’я многім ёй абавязаная, так сталася. Павіншаваў, пажадаў добрага здароўя і што там яшчэ на Новы год зычаць. Абышоў усе змрочныя тэмы. Усё, як штогод.

І табе таго ж, Мікола, адказала яна — яна на гадоў 20 за мяне старэйшая. «І галоўнае, каб у нас не было ўзрушэнняў. Ну ты разумееш, пра што я», — падкрэслена сказала яна.

Узрушэнняў — гэта значыць, рэвалюцыі, майдану, нестабільнасці. Іменна тыя ўзрушэнні, ад якіх засцерагае ТВ і радыё. Яна ведае, што раблю ў «Нашай Ніве» і погляды нашай сям’і ведае. Таму, вядома, гэта быў намёк. А я ведаю, што яна ў жыцці не чытала «Нашай Нівы» і чытаць не будзе.

Можна было мне адказаць: «Так, не дай бог Пуцін новую вайну пачне». Або «так, гэтыя дэвальвацыі рост цэн ужо невыносныя». Але прамаўчаў я.

У гэтай жанчыны адзін сын сёлета трапіў у турму за наркотыкі. Рабіць не хацеў, хацеў лёгкага заробку. І ўзялі балбеса ў першы ж месяц «дылерства».

А дачка кінула двухгадовае дзіця на дзеда-бабу і паехала на заробкі ў Маскву. І ўжо тры гады не паказваецца дома. Толькі па скайпе звоніць. Грошы зарабляе, не хоча адрывацца.

Якіх яшчэ ты ўзрушэнняў баішся, жанчына? Што табе яшчэ горшага можа стацца ў жыцці? Твайму сыну свеціць 15 гадоў. Твая дачка занятая сабой. У цябе канец свету здарыўся дома, а ты ўсё молішся, каб не было «ўзрушэнняў», хрысцішся, калі праязджаеш у замерзлым аўтобусе каля неатынкаванай, новай праваслаўнай царквы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?