На ўчорашнім канцэрце‑мітынгу, прысвечаным так званаму Дню яднанню Беларусі і Расіі анансаваўся выступ некалькі вядомых рок‑гуртоў, але большасць з іх адмовілася выходзіць на сцэну.

Лідэр гурта Tav.Mauzer Янка кажа, што быў вельмі здзіўлены, калі ўбачыў абвесткі пра канцэрт на інфармацыйных сайтах:

‑ Добра, што гэтая інфармацыя з’явілася позна і не змагла дэзінфармаваць прыстойную колькасць нашых фэнаў. Тым не менш, для таго дзесятку чалавек, які так і не дачакаўся выступу ўлюбёнай каманды, паведамляем: наш выступ там не планаваўся, уся інфармацыя пра яго гэта альбо памылка, альбо свядомая дэзінфармацыя.

Са слоў Янкі Маўзэра, арганізатары канцэрту сапраўды звярталіся да яго з прапановай выступіць на плошчы Бангалор, але дамоўленасць дасягнутая не была.

‑ Нам з нейкага перыяду стала непрыемным удзельнічаць у рознага кшталту палітычных акцыях. Бо за скандаваннем лозунгаў губляецца асноўнае — музыка. Таму просьба да арганізатараў: надалей у рэкламных матэрыялах выкарыстоўваць не «верагодна», а «нам бы хацелася», ці нейтральнае «вядуцца перамовы».

Лаўрэаты апошняга «Басовішча» — гурт UNIA пагадзіліся сыграць на Бангалор у гэты дзень. Музыкі прыйшлі з інструментамі да сцэны, але ў апошні момант адмовіліся ад свайго сэту.

‑ Нам так і не патлумачылі, што там адбывалася — акцыя, прысвечаная Дню яднання Беларусі і Расіі ці акцыя салідарнасці з палітвязнямі. Усё выглядала мякка кажучы млява: некалькі дзесяткаў чалавек, сабраліся ў асноўным бабулькі, а навокал на лавах «пацаны з раёну» п’юць гарэлку. З пункту гледжання палітычнай акцыі было неясна, а з пункту гледжання арганізацыі канцэрту — поўны нуль. Таму мы прынялі рашэнне не выступаць, — кажа лідэр гурту Паша.

У выніку з пяцёркі заяўленых камандаў сыграла толькі адна — «Мутнае вока». Яе вакаліст Яўген Змушка кажа:

‑ Нам усё роўна дзе граць. Ёсць цудоўны апарат, падышлі нашы сябры — чаму бы не выступіць?.

Адзіны момант, які не спадабаўся музыканту — было вельмі мала людзей. А пасля выступу генерала Бокава, які заявіў, што «бел‑чырвона‑белы сцяг — гэта сцяг паліцаяў і здраднікаў», публікі стала яшчэ меней.

Сяргей Будкін, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0