Кітайскі аўтапрам зацікаўлены ў стварэньні зборачнай вытворчасьці легкавых аўтамабіляў у Беларусі. Пра гэта заяўлена 3 красавіка ў Менску на сустрэчы членаў Беларускай навукова‑прамысловай асацыяцыі з дэлегацыяй кітайскіх аўтамабільных кампаній на чале з намесьнікам інспэктара дэпартаменту прамысловасьці Дзяржаўнага камітэту разьвіцьця і рэформы КНР Чэнь Цзяньго.
Кіраўнік кітайскай дэлегацыі адзначыў:
«Мы гатовы разгледзець усе прапановы беларускага боку па гандлёвым і інвэстыцыйным супрацоўніцтве».
У Беларусі кітайскія прамыслоўцы шукаюць партнэраў для арганізацыі зборкі на тэрыторыі краіны легкавых аўтамабіляў.
Як адзначыў прадстаўнік кітайскай аўтамабільнай кампаніі Chery Чжоў Ііньчжэ, «калі ўрады Кітаю і Беларусі падтрымаюць прапановы прамыслоўцаў, сумесныя праекты могуць быць пасьпяховымі».
Ён паведаміў, што ў ходзе візыту ў Менск бізнэсмэны вывучылі аўтамабільны рынак Беларусі і лічаць яго прывабным.