Навукоўцы кажуць, што правільна пастаўленае пытанне вядзе да адкрыцця. Дакладнае пытанне бывае каштоўнейшае за шмат якія канцэпцыі.

Выступ Аляксандра Лукашэнкі на Раство Хрыстова меў унікальную частку, прысвечаную царкве, святарам і дзяржаве. Я зрабіў з яго разважанняў нарэзку, а пры канцы тэксту сфармулюю 13 пытанняў-загадак, якія ён паставіў.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ён не разумее тэзіса «царква па-за дзяржавай і аддзеленая ад дзяржавы». «Сёння царква ў Беларусі ператварылася ў адзін з апірышчаў нашай дзяржавы, які забяспечвае разам з іншымі зацікаўленымі органамі ўлады і арганізацыямі баланс нашага грамадства»

«Вы мне адкажыце на адно пытанне — у нас царква дзейнічае ў адпаведнасці з законам, Канстытуцыяй? Вядома. А хто стварае закон і Канстытуцыю? Дзяржава, яго прадстаўнікі. Вось і адказ на пытанне аб рэальным становішчы спраў».

«Дый царква ў апошні час, пасля распаду Савецкага Саюза, — з тых часоў я не чуў, каб яна педаліравала тэму — мы па-за дзяржавай. Я не чуў, каб наша Руская праваслаўная царква пра гэта заяўляла».

«Царква як была, так і застанецца адным з слупоў, асноўных апірышчаў нашай дзяржавы». «І ўсе ў царкве, прабачце мяне за гэтую заўвагу, як прэзідэнт і кіраўнік дзяржавы я магу гэта сказаць, павінны разумець: царква дзейнічае і функцыянуе ва ўмовах суверэннай і незалежнай дзяржавы».

«Так, мы частка гэтага праваслаўнага свету, які называецца Руская праваслаўная царква. Мы не імкнёмся там да нейкай незразумелай аўтаноміі і самастойнасці, хоць шчыра скажу — мы гэта абмяркуем яшчэ на сустрэчы са святарамі — царква павінна развівацца».

«Царква не павінна спыняцца на адным і тым жа. Я ўжо не аднойчы звяртаў на гэта ўвагу — нашай царкве трэба ўдасканальвацца. І я як кіраўнік дзяржавы, наколькі гэта магчыма, буду гэтаму спрыяць, ня нагнятаючы абстаноўкі».

«Мы не былі суверэннай незалежнай дзяржавай у такой ступені, у якой з'яўляемся цяпер. Натуральна, усе інстытуты ўлады і арганізацыі, у тым ліку царква, павінны прыстасоўвацца да гэтагатаксама ўдасканальвацца ў гэтым кірунку. Але яшчэ раз падкрэсліваю, ўсе мы, і царква павінны разумець — мы суверэнныя і незалежныя».

«Ведаю, што ў нас ёсць шмат святароў, якія чагосьці чакаюць ад прэзідэнта. Яшчэ раз падкрэсліваю — не месца сёння дэбатаваць на гэтую тэму, мы гэта абмяркуем на нашай маючай адбыцца сустрэчы. Але галоўнае я сказаў — вы дзейнічаеце у суверэннай і незалежнай дзяржаве. У нас заўсёды была адзіная і прыгожая царква, я маю на ўвазе не толькі нашы будынкі і храмы, — душой народа была царква. І яна заўсёды такі застанецца». «Нікому не будзе дазволена парушыць адзінства нашай царквы. Як хочаце, так і разумейце мяне. Царква ў нас была прыкладам для пераймання ва ўсім свеце. Такім яна і застанецца». «Недахопы ёсць усюды, але ў нас у цэлым добрыя святары. Дай Бог, каб такія былі ў любой дзяржаве. І я думаю, што здаровыя сілы, а іх пераважная большасць, заўсёды будуць мець і перавагу ў вызначэнні шляхоў развіцця нашай царквы, роўна як і нашай дзяржавы».

І вось 13 пытанняў і загадак ад Лукашэнкі з прачытанага.

  1. Што такое «царква … аддзеленая ад дзяржавы»?
  2. Што такое «Царква як была, так і застанецца адным з слупоў, асноўных апірышчаў нашай дзяржавы»?
  3. «…у нас царква дзейнічае ў адпаведнасці з законам, Канстытуцыяй».
  4. Ці сказана ў Канстытуцыі, што «Царква як была, так і застанецца адным з слупоў, асноўных апірышчаў нашай дзяржавы
  5. Хто такія ў Беларусі «мы частка гэтага праваслаўнага свету, які называецца Руская праваслаўная царква»?
  6. Да чаго яны не імкнуцца? «Мы не імкнёмся там да нейкай незразумелай аўтаноміі і самастойнасці«.
  7. Як «царква павінна развівацца і ўдасканальвацца»?
  8. Якім чынам усе «інстытуты ўлады і арганізацыі, у тым ліку царква, павінны прыстасоўвацца да суверэннай незалежнай дзяржавы»? Яны што, дагэтуль дзейнічаюць як ў залежнай і не суверэннай дзяржаве?
  9. Чаго «шмат святароў чакаюць ад прэзідэнта»?
  10. Хто такія ў царкве «здаровыя сілы, якіх пераважная большасць»?
  11. Якім чынам«здаровыя сілы заўсёды будуць мець і перавагу ў вызначэнні шляхоў развіцця … нашай дзяржавы»?
  12. Хто такія нездаровыя сілы ў царкве?
  13. Што будзе рабіць А.Лукашэнка з нездаровымі сіламі ў царкве?

Пад час прамовы Лукашэнка ўжыў выраз:

Як хочаце, так і разумейце мяне.

Цікава, як чытачы зразумелі гэтыя пытанні і адказы на загадкі? Іх пільны чытач можа знайсьці ў тэксце і больш. Але хаця б на гэтыя даць адказы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?